Сёння пройдуць тры суды над незалежнымі журналістамі з Гомеля
Адразу тры
суды прызначаныя на 27 верасня ў дачыненні да гомельскіх журналістаў-фрылансераў:
Кастуся Жукоўскага будуць судзіць у Петрыкаве і Жлобіне, Андрэя Толчына — у
Петрыкаве.
Толчына таксама выклікаюць у Жлобінскі раённы суд, але на наступны
дзень — 28 верасня. Журналістаў абвінавачваюць у незаконным вырабе прадукцыі
СМІ для польскага тэлеканала «Белсат».
«Без чвэрці адзінаццаць мяне маюць судзіць за фрылансерскую дзейнасць у Петрыкаўскім раённым судзе, — кажа Кастусь Жукоўскі, — а ў 15.30 я ўжо павінен быць у Жлобінскім судзе. Калі ў судах лічаць, што я маю ўрадавы верталёт, то гэта не так. У мяне ДАІ нават пасведчанне кіроўцы адабрала — прычапіліся ў Добрушы, калі я здымаў чэмпіёна свету Амрыева, затрыманага на мяжы ў Добрушскім раёне і перададзенага мясцовай міліцыяй расейскім сілавікам. Усё гэтыя й папярэднія суды нада мною ды іншымі такімі ж фрылансерамі, — відавочна, помста за тое, што мы даводзім да агульнага ведама набалелыя людскія праблемы, распавядаем пра карупцыю ў шэрагах чыноўнікаў».
У Петрыкаўскім раёне Жукоўскі і Толчын знялі сюжэт пра занядбаны вайсковы гарадок у Мышанцы, дзе мясцовыя жыхары не першы год скардзяцца на стан будынкаў, пабудаваных яшчэ ў 30-я гады мінулага стагоддзя.
Жлобінская
міліцыя склала на Жукоўскага і Толчына адміністрацыйныя пратаколы за
«інтэрвіяванне жыхароў вёскі Пірэвічы», якія расказвалі пра падзёж свіней і
каранцінныя захады вакол паселішча.
Паводле звестак
Беларускай асацыяцыі журналістаў, сёлета з 157 зарэгістраваных фактаў пераследу
недзяржаўных СМІ 82 — гэта пераслед журналістаў і аператараў «Белсату».
Дзяржава праз штрафы атрымала ад іх у эквіваленце блізу 13 тысяч долараў, у тым
ліку на Гомельшчыне — 6,2 тысячы.