Сойм БНФ прызначыў Вадзіма Саранчукова часова выконваючым абавязкі кіраўніка партыі
15 траўня адбылося пасяджэнне Сойму Партыі БНФ і Сойму грамадcкага аб’яднання БНФ Адраджэнне. Кіруючым органам партыі і руху была абмеркаваная бягучая грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне, а таксама пытанні партыйнай стратэгіі і тактыкі ў святле будучых выбарчых кампаній.
Сойм заслухаў інфармацыю пра становішча старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які быў затрыманы месяц таму і знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ. Сярод іншага, у межах гэтага пытання сябры Сойму абмеркавалі праблему кіравання арганізацыяй у сітуацыі, калі старшыня партыі знаходзіцца пад вартай і аб’ектыўна пазбаўлены магчымасці ажыццяўляць свае кіраўнічыя паўнамоцтвы (падпісанне дамоваў, адчыненне рахункаў у банках, рашэнні па іншых пытаннях аператыўнага кіравання бягучай працай Партыі БНФ ды іншае).
З мэтай забесяпчэння ўстойлівасці працы арганізацыі ва ўмовах, калі старшыня знаходзіцца пад вартай, Сойм Партыі БНФ пастанавіў часова надаць паўнамоцтвы старшыні Партыі БНФ намесніку старшыні Саранчукову Вадзіму і прызначыць яго часова выконваючым абавязкі кіраўніка партыі.
Прымаючы абавязкі па часовым выкананні функцыяў кіраўніка арганізацыі, намеснік старшыні Вадзім Саранчукоў сказаў:
— Хачу падкрэсліць, што старшынём Партыі БНФ цяпер застаецца Рыгор Кастусёў, і мы спадзяемся, ён хутка будзе на волі і будзе мець магчымасць вярнуцца да паўнавартаснага выканання абавязкаў кіраўніка арганізацыі. Новы старшыня партыі можа быць абраны толькі наступным з'ездам партыі. Цяперашняе рашэнне мае выключа тэхнічны характар і скіраванае на забеспячэнне ўстойлівай працы партыі і грамадскага аб’яднання як юрыдычных асобаў. Лічу, што нашай першачарговай задачай на цяперашнім этапе павінна быць захаванне і ўмацаванне юрыдычнай устойлівасці партыі, забеспячэнне яе працы ў цяперашніх надзвычай неспрыяльных умовах. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб старшыня партыі Рыгор Кастусёў ды ўсе зняволеныя па палітычных матывах былі вызваленыя. Мы будзем прыспешваць гэты момант усімі сродкамі, якімі валодае палітычная партыя згодна з уласным статутам.
Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы і абмежаваны доступ адваката да Рыгора Кастусёва ў СІЗА, сойм даручыў управе БНФ праінфармаваць старшыню партыі ў зьняволенні пра працяг партыйнай працы і прынятыя на сёняшнім сойме рашэнні.
Напісаць ліст падтрымкі старшыні партыі ў зняволеньні можна на гэты адрас: 220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8, Кастусёву Рыгору Андрэевічу.
Паводле прэс-рэліза