Старшыня БНФ адказаў на запрашэнні да дыялогу па рэформе Канстытуцыі

У апошнія дні кіраўніцтва Партыі БНФ і тэрытарыяльныя структуры партыі атрымалі шэраг запрашэнняў да ўдзелу у абмеркаванні магчымай канстытуцыйнай рэформы і ўдасканалення розных галінаў заканадаўства

download_127.jpg

Ініцыятарамі гэтых запрашэньняў выступаюць дзяржаўныя органы альбо унівэрсітэты, іншыя дзяржаўныя арганізацыі. Заклік накіроўваць прапановы па зменах у канстытуцыю агучаны таксама і Палатай прадстаўнікоў.
«Партыя БНФ выступае за мірны шлях вырашэння вострага грамадска-палітычнага крызісу, у якім цяпер апынулася краіна. Прычына крызысу палягае ў злачынных дзеянннях цяперашняй улады і ў кампаніі дэманстратыўнага гвалту і неабмежаваных рэпрэсіяў, якая скіраваная на застрашэнне людзей і таму мае тэрарыстычны характар. Мы не бачым іншага шляху ўрэгулявання крызыснай сытуацыі апроч дыялогу паміж бакамі канфлікту. Але ж сапраўды эфэктыўны дыялог магчымы толькі пры ўмове спыненя гвалтоўных акцыяў застрашэння і пры ўмове яснай дэманстрацыі палітычнай волі да ўрэгулявання канфлікту», — паведамляецца на сайце партыі.
У сувязі з выкладзеным на адрас азначаных дыялогавых пляцовак і Палаты прадстаўнікоў было адпраўленае паведамленне пра тое, што ў цяперашніх умовах Партыя БНФ не бачыць магчымасці весьці абстрактнае абмеркаванне прававой рэформы ў прапанаваным фармаце. У гэтым адказе падкрэслена, што Партыя БНФ мае ўласную праграму, у якой выкладзенае бачанне канстытуцыйнай пабудовы краіны, узаемадзеяння дзяржавы, грамадства і асобы ў беларускай нацыянальнай дзяржаве.
Абмеркаванне азначаных палажэнняў праграмы і шляхоў іх увасаблення магчымае падчас грамадскай дыскусіі, але толькі тады, калі будуць рэалізаваныя прапанаваныя Партыяй БНФ 10 крокаў дзеля выхаду з крызысу і пачатку агульнанацыянальнага дыялёгу (зацверджаныя рашэннем кастрычніцкага Сойму Партыі БНФ). Гэтыя крокі прадугледжваюць вызваленне ўсіх зняволеных за палітычныя погляды і спыненне новых затрыманняў, аднаўленне звольненых з працы за палітычныя погляды, гарантыі бяспекі беларусам, якія былі вымушаны з'ехаць за мяжу, рэформа выбарчага заканадаўства. Цалкам гэтыя крокі выкладзены на сайце партыі.