Статкевіч заклікаў прэм'ер-міністра Літвы адмовіцца ад сустрэч з беларускім кіраўніцтвам

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч, які знаходзіцца ў зняволенні, заклікаў прэм'ер-міністра Літвы Альгірдаса Буткявічуса адмовіцца ад сустрэч з беларускім кіраўніцтвам.



nikolay_statkevich.jpg

Тэкст ліста размешчаны на сайце statkevich.org.

Нагодай для звароту стала сустрэча Буткявічуса з прэм'ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам у сярэдзіне красавіка ў Клайпедзе, а таксама «шырокае абмеркаванне магчымасці запрашэння вышэйшых службовых асоб нашай краіны на саміт Усходняга партнёрства ў Вільнюсе».
 

«Калі Літва змагалася за выхад з савецкай імперыі, многія людзі ў Беларусі былі салідарныя з вашай барацьбой, — гаворыцца ў лісце. — Цяпер ужо беларускі народ мае патрэбу ў салідарнасці ў сваёй барацьбе за свабоду, незалежнасць і нават за захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці. Аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі заяўляюць пра грубае парушэнне правоў чалавека ў нашай краіне, пра татальныя фальсіфікацыі выбараў, пра дачыненне ўлад да выкраданняў і забойстваў апазіцыйных лідараў. Беларускія палітзняволеныя зведваюць націск і нават катаванні з мэтай прымусіць іх папрасіць памілавання ў нелегітымнага прэзідэнта».
 

Статкевіч адзначае: «Тыя, хто змагаецца за свабоду нашай краіны, разглядаюць любыя прамыя кантакты кіраўніцтва дэмакратычных краін з верхаводамі беларускага рэжыму як здраду ідэалаў дэмакратыі і спробу легітымізацыі дыктатуры».
 

Ён заклікаў Буткявічуса адмовіцца ад любых сустрэч з беларускім кіраўніцтвам датуль, пакуль у Беларусі не будуць вызвалены ўсе палітзняволеныя.
 

Нагадаем, пра магчымасць візіту Буткявічуса ў Беларусь абвясціў Мясніковіч пасля візіту ў Клайпеду. Літоўскі бок пасля абверг гэту інфармацыю.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН