Святлана Калінкіна. Шок-сігнал
Беспрэцэдэнтна жорсткі прысуд — гэта папярэджанне і ўрок усім патэнцыйным лідарам апазіцыі: літасці не будзе. Ніхто не павінен мець права падняць галаву. Ніхто не павінен нават думаць пра тое, каб скласці канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку ці яго патэнцыйнаму пераемніку... Але ў гэтай стратэгіі ўтрымання ўлады ёсць слабыя месцы, перакананая Святлана Калінкіна.
У Гомелі вынесены прысуд, які сапраўды выклікаў шок.
Суддзя Гомельскага абласнога суда Мікалай Доля прысудзіў Сяргея Ціханоўскага да 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Мікалая Статкевіча — да 14, Ігара Лосіка — да 15, Арцёма Сакава — да 16, Уладзіміра Цыгановіча — да 15, Дзмітрыя Папова — да 16 гадоў.
І гэта пры тым, што грамадскасць нават не ведае, за што іх арыштавалі і за што канкрэтна судзілі. Бо працэс быў закрытым, а ўсе ўдзельнікі на працягу следства і суда знаходзіліся пад падпіскай аб неразгалошванні.
Гэта жорсткасць, лічаць у Еўрапейскім Саюзе.
«Гэтыя прысуды з'яўляюцца чарговым прыкладам неабгрунтаваных абвінавачанняў супраць беларускіх грамадзян, якія рэалізоўвалі сваё права на выказванне і заклікалі да свабодных і справядлівых выбараў. Гэтыя прысуды — частка жорсткіх сістэматычных рэпрэсій у дачыненні да ўсіх незалежных галасоў у Беларусі», — гаворыцца ў заяве Петэра Стана, афіцыйнага прадстаўніка Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.
«Гэта і помста за фенаменальны поспех Святланы Ціханоўскай, якую летась зарэгістравалі "для прыколу" кандыдатам у прэзідэнты: маўляў, якую пагрозу ўяўляе хатняя гаспадыня?» — лічыць палітолаг Аляксандр Класкоўскі.
Гэта і адказ на санкцыі.
Такое меркаванне выказаў палітолаг Валерый Карбалевіч. «Такі жорсткі прысуд Ціханоўскаму і яго прыхільнікам — гэта ў пэўнай ступені адказ на апошні пакет санкцый», — заявіў ён.
«Ціханоўскі — гэта асабістая крыўда, — лічыць палітык Анатоль Лябедзька. — Ён наступіў на той мазоль, які вельмі важны для Лукашэнкі».
«Крыважэрнасць сістэмы абуральная. Антычалавечная», — пракаментаваў вердыкт суда іншы палітык, экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў…
Многія ўспомнілі прысуды, што раней выносіліся за жорсткія забойствы, якія ўзрушылі ўсю краіну. Перамолвалі труп на мясасечцы — 17 гадоў, бензапілой рэзаў жанчын — 15…
Чаму тады такія жорсткія прысуды вынеслі Ціханоўскаму, Статкевічу, іх паплечнікам і блогерам, якія нават не ўдзельнічалі ў пратэстах, бо былі арыштаваныя да выбараў, якія нікога не забілі?
Я мяркую, што беспрэцэдэнтна жорсткі прысуд — гэта папярэджанне і ўрок усім патэнцыйным лідарам апазіцыі: літасці не будзе. Ніхто не павінен мець права падняць галаву. Ніхто не павінен нават думаць пра тое, каб скласці канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку ці яго патэнцыйнаму пераемніку.
Пытанне лідарства ў перыяд трансферу ўлады прынцыпова важнае. За кім ісці? Хто пакліча? Хто скажа, што рабіць?
У 2020 годзе ў людзей надзею на перамены, як мне бачыцца, усяліў нават не Сяргей Ціханоўскі, які да апошняга казаў, што не будзе браць удзелу ў выбарах. І нават не Святлана Ціханоўская, якую «для прыколу» пакінулі ў спісе зарэгістраваных кандыдатаў у прэзідэнты. Надзею ў беларусаў усялілі прамаскоўскі банкір Віктар Бабарыка і паспяховы чыноўнік і ІТ-бізнесмен Валерый Цапкала. Калі ўжо супраць Лукашэнкі пайшлі сур'ёзныя людзі, ды яшчэ з прарасійскім бекграўндам, то многія палічылі, што шанец на змену ўлады ёсць.
Прысуд, вынесены Ціханоўскаму, Статкевічу і іх паплечнікам, — гэта сігнал беларускаму грамадству, што шанцаў няма.
Гэта сігнал усім, хто мае амбіцыі «стрэліць» падчас маючых адбыцца выбарчых кампаній: «Высунецеся — потым не пытайцеся, за што судзілі».
Гэта і сігнал Расіі, і сігнал Захаду: пытанне змены ўлады ў Беларусі будзе вырашаць толькі дзеючая ўлада.
Але ў гэтай стратэгіі ўтрымання ўлады ёсць слабыя месцы. Бо людзьмі рухае не толькі страх. Людзі, даведзеныя да адчаю, пераступаюць праз свой страх і здзяйсняюць неверагодныя рэчы. Масавыя арышты, ператрусы, суды, звальненні, расправы, — гэта ўсё тое, што можа прымусіць беларусаў пераступіць праз страх. А рэпрэсіі не спыняюцца…
Паводле Народная Воля