Што паказвае беларускі моладзевы барометр?

Тое, што Лукашэнка лічыць сваёй грамадскай апорай, на самай справе — калос на гліняных нагах. Беларускія маладзёны — хутчэй не лукашысты, а пафігісты. Палітыкай не цікавяцца, займаюцца сваімі справамі. Як і большасць насельніцтва. Але, на жаль, з пафігізму не вырасце дэмакратычная Беларусь. І гэта сумна...

Дзень Волі 2009 г. Фота Юрыя Дзядзінкіна

Дзень Волі 2009 г. Фота Юрыя Дзядзінкіна

Асноўнай функцыяй сістэмы адукацыі ў нас з’яўляецца нейтралізацыя моладзевай актыўнасці, выхаванне палітычнай лаяльнасці. Школа і ўніверсітэты закліканы вырасціць не грамадзян, а падданых.

Дзіўнае, нават містычнае супадзенне. 20 гадоў таму, 6 верасня 1997 года, у Мінску прайшоў устаноўчы Сойм грамадска-палітычнай арганізацыі «Малады фронт», найбольш радыкальнай апазіцыйнай моладзевай арганізацыі. І 15 гадоў таму, якраз 6 верасня 2002 года, на ўстаноўчым сходзе быў створаны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ) — праўладная арганізацыя, якая абвясціла сябе пераемніцай камсамолу.

054ff4cb8d94c03801f3540414f41d3f.jpg

Абедзве арганізацыя з’яўляюцца яскрава палітычнымі, якія змагаюцца за дамінаванне ў моладзевым асяроддзі. І гэта супадзенне дае падставу паразважаць пра палітычныя настроі і арыентацыі беларускай моладзі.

Ва ўсе часы моладзь была барометрам грамадскіх тэндэнцый, паказчыкам таго, у якім кірунку ідуць працэсы сацыяльнага развіцця краіны. Яна хутчэй рэагуе на новыя ідэі, прыстасоўваецца да новых з’яваў грамадскага жыцця.

Таму пытанне стаіць больш шырока: што паказвае беларускі барометр? Якія трэнды нас чакаюць? Ці адрозніваюцца неяк беларускія маладзёны ад сваіх аднагодкаў у іншых краінах Еўропы?

Калі Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады, то ў асяроддзі незалежных экспертаў было шмат меркаванняў наконт таго, што час працуе супраць яго. Маўляў, пакаленні мяняюцца, і калі на змену людзям, якія выйшлі з СССР, прыйдзе моладзь, то электарат Лукашэнкі пачне звужацца, у выніку чаго ў яго не будзе палітычнай будучыні.

Марш за незалежнасць 2009 г. Фота Юрыя Дзядзинкина

Марш за незалежнасць 2009 г. Фота Юрыя Дзядзинкина

Але, насамрэч, усё аказалася зусім не так.

Грамадска-палітычныя настроі ў моладзевым асяроддзі даволі супярэчлівыя. З аднаго боку, паводле шматлікіх сацыялагічных апытанняў, сярод моладзі значна больш распаўсюджаны дэмакратычныя, праеўрапейскія, рынкавыя каштоўнасці, калі параўноўваць з усім насельніцтвам. Але чым больш сталымі становяцца гэтыя людзі, тым больш такія настроі знікаюць. Высветлілася, што фактычна грамадства ў ідэалагічным, каштоўнасным, палітычным сэнсе аднаўляе само сябе.

Класічны прыклад — студэнты. Ва ўсіх краінах студэнцтва — гэта самая пратэстная, неспакойная, бунтарская, «прасунутая» частка грамадства, носьбіт навейшых ідэйных плыняў, стылёвых паводзін. Студэнцкае вальнадумства — адна з найслаўнейшых традыцый еўрапейскіх універсітэтаў. І актыўная грамадзянская пазіцыя — адзін з элементаў еўрапейскага мыслення.

Беларускія студэнты вонкава мала адрозніваюцца ад сваіх замежных калег. Яны жывуць у новай інфармацыйнай прасторы, сацыяльных сетках, ведаюць ангельскую мову, падарожнічаюць па свеце. Але гэта слаба ўплывае на ўспрыняцце імі еўрапейскіх каштоўнасцяў. У палітычным сэнсе беларускія студэнты — самая паслухмяная, кіруемая, канфармісцкая частка грамадства. У выбарчых акругах, дзе знаходзяцца студэнцкія інтэрнаты, — самы высокі працэнт датэрміновага галасавання. Маладзёны без супраціву масава ўступаюць у БРСМ. Апазіцыйныя моладзевыя арганізацыі і рухі застаюцца маргінальнымі. Ідэя свабоды не надта натхняе моладзь. То бок, еўрапейская традыцыя, трапляючы на нашу глебу, аўтаматычна ператвараецца ў славутую беларускую «талерантнасць».

Чаму так атрымліваецца? Вядома, што каштоўнасці — даволі кансерватыўная рэч. Яны перадаюцца ад пакалення да пакалення. Тут шмат залежыць ад стану грамадства, дзяржаўнай палітыкі. За кароткі дэмакратычны перыяд пачатку 1990-х гадоў не паспела з’явіцца, кажучы рускай мовай, «непоротое» пакаленне.

Акцыя 25 лістапада 2010 г. Фота БелАПАН

Акцыя 25 лістапада 2010 г. Фота БелАПАН

Аляксандр Лукашэнка кіруе Беларуссю ўжо 23 гады. За гэты час у краіне вырасла новае пакаленне, якое нічога іншага, акрамя аўтарытарнай сістэмы, не бачыла. Уладам удалося ў значнай ступені інтэграваць моладзь у створаную ў краіне сацыяльную мадэль.

Галоўнай функцыяй сістэмы адукацыі, школ і ўніверсітэтаў Беларусі з’яўляецца не атрыманне якасных ведаў, не фарміраванне творчай асобы, не падрыхтоўка крэатыўных і таленавітых маладых людзей. Гэтая задача — другасная. Не выпадкова якасць адукацыі ў краіне рэзка ўпала.

Напрыклад, у 2010 годзе цэнтралізаванае тэставанне выпускнікоў школ паказала вельмі сумныя вынікі. Сярэднія балы па фізіцы склалі 18,1, па матэматыцы — 21,76 з 100. Заўважце, гэта «двойкі» нават па пяцібальнай сістэме, а па дзесяцібальнай — гэта практычна нуль. Як кажа прэзідэнт, ніжэй за плінтус. Варта звярнуць увагу, што самыя слабыя вучні, якія не збіраліся паступаць у ВНУ, у тэставанні не ўдзельнічалі. Пасля гэтага Міністэрства адукацыі моцна спрасціла тэсты, таму цяпер вынікі тэставання не такія катастрафічныя.

А асноўнай функцыяй сістэмы адукацыі ў нас з’яўляецца нейтралізацыя моладзевай актыўнасці, выхаванне палітычнай лаяльнасці, забеспячэнне паслухмянасці. Школа і ўніверсітэты перш за ўсё закліканы вырасціць не грамадзян, а падданых. Галоўным прадметам ва ўніверсітэтах стаў курс «Ідэалогія беларускай дзяржавы». У ВНУ занадта разумных і актыўных выкладчыкаў і студэнтаў выключаюць. Дырэктара школы ці рэктара ўніверсітэта хутчэй пакараюць не за дрэнную якасць адукацыі, і нават не за хуліганскія ўчынкі іх выхаванцаў, а за ўдзел вучняў ці студэнтаў у нейкай апазіцыйнай арганізацыі ці акцыі.

У гэтым сэнсе вельмі паказальнымі былі мерапрыемства пад назвай «Рэспубліканскі педсавет» (які прайшоў у канцы жніўня), выступ там кіраўніка дзяржавы і адлюстраваны ім вобраз школы. Для вучняў, а таксама настаўнікаў было прапанавана ўвесці форму (альбо «лаянкавае» слова дрэс-код), «каб да 1 верасня дзеці былі аднолькавыя». Яшчэ Лукашэнка выказаў незадаволенасць, што вучні не носяць піянерскія гальштукі і значкі БРСМ. Паколькі ў школе не хапае дысцыпліны, кіраўнік Беларусі запатрабаваў ад міністра МУС да гэтай справы «міліцыю падключыць, каб дырэктару школы, настаўніку, класнаму кіраўніку дапамагчы». Увогуле, для кіраўніка дзяржавы ідэал школы — гэта вялікая казарма. Засталося навучыць хадзіць строем.

photo.bymedia.net.jpg

Затым Лукашэнка выклаў свае ўяўленні пра вышэйшую адукацыю: «Ну навошта пяць гадоў вучыць? Я па сабе ведаю, што там пяць гадоў рабіць няма чаго. За тры гады можна дашліфаваць чалавека, калі праз тэхнікумы і каледжы, або прафтэхвучэльні, дзе ён ужо папрацаваў на вытворчасці. Тры гады дастаткова для атрымання вышэйшай адукацыі». Прычым, на думку кіраўніка краіны, палову тэрміну навучання павінна складаць практыка на вытворчасці. Каб будучы аграном грунтоўна пахадзіў па гною, тады будзе выдатным спецыялістам.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што ўлада мае намер абапірацца на тры структуры ў грамадстве: мясцовыя Саветы, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Федэрацыю прафсаюзаў. БРСМ з’яўляецца вузлавым звяном у палітыцы кантролю дзяржавы над моладдзю. Ён стаў часткай уладнай вертыкалі. У арганізацыю ўбухалі немалыя бюджэтных сродкі. Сябрам БРСМ прадастаўлены льготы ў сферы сэрвісу і адпачынку. Інакш кажучы, адбываецца элементарны подкуп моладзі ў абмен на лаяльнасць.

Але ці ўдалося БРСМ сфарміраваць ідэйных прыхільнікаў існага рэжыму? Ці можна лічыць большасць беларускай моладзі лукашыстамі?

Адназначна, не. Відавочна, што самая масавая прапрэзідэнцкая моладзевая арганізацыя — гэта прыгожы муляж, і не больш за тое. Яна так і не стала для маладога пакалення базавым інстытутам сацыяльнага даверу. Народжаны з чэрава дзяржавы, БРСМ атрымаў невылечную радавую траўму, якая дыягнастуецца як казёншчына і фармалізм. БРСМ смяротна сумны, як быў смяротна сумны камсамол брэжнеўскага разліву. І гэтую першапачатковую недасканаласць немагчыма выправіць ніякімі льготамі і фінансавымі ўліваннямі. Можа таму і невыпадкова галоўным аргументам у ідэалагічнай працы з моладдзю з’яўляецца сіла. Не сіла перакананні, а грубая рэпрэсіўная сіла дзяржаўнай машыны.

Тое, што Аляксандр Лукашэнка лічыць сваёй грамадскай апорай, на самай справе ёсць калос на гліняных нагах. І калі сітуацыя, як кажа прэзідэнт, «хіснецца», уся гэтая «апора» хутка рассыплецца.

Дарэчы, і ў савецкія часы камсамол быў самым слабым стаўпом камуністычнай сістэмы. У разгар гарбачоўскай перабудовы на мяжы 1980–1990-х гадоў першымі пабеглі з-пад кантролю КПСС камсамольскія важакі, таму што больш тонка адчувалі настроі моладзі.

Таму беларускія маладзёны — хутчэй не лукашысты, а пафігісты. Палітыкай не цікавяцца, займаюцца сваім прыватным жыццём. Уласна, як і большасць насельніцтва.

Але, на жаль, з пафігізму не вырасце дэмакратычная Беларусь. І гэта сумна.