Таццяна Караткевіч выставіла сябе на аўкцыён
Прэтэндэнтка на пасаду прэзідэнта Таццяна Караткевіч выставіла магчымасць сустрэчы з сабою на дабрачынны аўкцыён MaeSens.by. Сабраныя сродкі пойдуць на будаўніцтва дзіцячага хоспіса.
«Мяне завуць Таццяна Караткевіч. У мяне, як у любога чалавека, шмат жаданняў, імкненняў і самыя розныя мары. Сярод іх ёсць і такія: я заўсёды марыла аб тым, каб нашы людзі сталі трохі дабрэй, а яшчэ аб тым, каб яны маглі самаарганізавацца для таго, каб дапамагаць іншым. Гэты праект — выдатнае спалучэнне і першага, і другога. Таму я зараз тут. Давайце рабіць дабро, атрымліваючы ад гэтага задавальненне!», — Напісала Караткевіч у апісанні сустрэчы.
Пераможцу аўкцыёну прапануецца сумесна з кандыдаткай у прэзідэнты схадзіць на прэм’еру спектакля «Чайка», якая пройдзе 23 верасня ў Нацыянальным акадэмічным тэатры Янкі Купалы.
Праект MaeSens.by — гэта дабрачынны аўкцыён, дзе любы жадаючы можа выставіць сябе ў якасці «лота», альбо паўдзельнічаць у таргах за права сустрэцца з іншым чалавекам. Усе пералічаныя сродкі ідуць на дабрачыннасць.
На момант публікацыі гэтай інфармацыі за рандэву з Караткевіч ужо гатовыя заплаціць 4 міліёны 345 тысячаў рублёў.