Расія падпісала дамову аб працягу размяшчэння ў Беларусі 2 расійскіх вайсковых аб’ектаў
Кіраўнікі ваенных ведамстваў Расіі і Беларусі падпісалі дакументы аб працягненні тэрмінаў дзеяння двух расійскіх ваенных аб’ектаў на беларускай тэрыторыі.
Гаворка ідзе пра вузел сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе ў Ганцавічах і радыёстанцыі Ваенна-марскога флоту ў Вілейцы.
Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу канстатаваў сам факт, але не назваў часовы перыяд, на які працягнуты тэрмін дзеяння пагадненняў, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на «Інтэрфакс». 43-і вузел сувязі «Вілейка» і радыёлакацыйная станцыя «Волга» ў Ганцавічах, якая працуе ў складзе расійскай сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе, размешчаныя ў Беларусі з 1995 года.
Тым часам міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін праінфармаваў, што вучэбна-баявы цэнтр, створаны ў краіне для сумеснай з Расіяй падрыхтоўкі спецыялістаў ВПС і СПА, пачаў практычнае функцыянаванне.
Раней ведамства паведамляла пра адзін цэнтр у Гродзенскай вобласці, ужо правераны на сумесным стратэгічным вучэнні «Захад-2021». Але не так даўно ў Маскве ўдакладнілі, што іх будзе два.
«У ходзе вучэнняў праверылі функцыянаванне двух вучэбна-баявых цэнтраў на тэрыторыі Беларусі, а таксама арганізацыю баявога дзяжурства ў адзінай рэгіянальнай сістэме СПА Расійскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь», — сказаў Сяргей Шайгу падчас падвядзення вынікаў манеўраў.
Рэгіянальная расійска-беларуская групоўка войск функцыянуе з 1999 года.