У МЗС Беларусі распавялі пра сустрэчу з павераным у справах ЗША. У амерыканскай амбасадзе дадалі падрабязнасцяў

18 чэрвеня намеснік міністра замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік правёў сустрэчу з часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі Рубэнам Аруцюнянам.

Сяргей Алейнік і Рубэн Аруцюнян. Фота: МЗС Беларусі

Сяргей Алейнік і Рубэн Аруцюнян. Фота: МЗС Беларусі

У МЗС адзначылі толькі, што на сустрэчы былі абмеркаваныя «стан і перспектывы беларуска-амерыканскіх стасункаў».
Падрабязнасці абмеркавання распавялі ў амерыканскай амбасадзе. Там заявілі, што павераны ў справах ЗША пацвердзіў нязменную падтрымку ЗША і міжнароднай супольнасці патрабаванняў беларускага народу спыніць адвольныя і палітычна матываваныя затрыманні і вызваліць усіх палітычных зняволеных.
Ён таксама адзначыў важнасць сапраўднага дыялогу з усімі элементамі беларускага грамадства, які б вёў да свабодных і справядлівых выбараў.
Апроч таго, Рубэн Аруцюнян таксама пярэчыў супраць нядаўняга вымушанага скарачэння дыпламатычнай прысутнасці ЗША ў Беларусі. Ён адзначыў непахісную прыхільнасць амбасадаркі Джулі Фішэр падтрыманню дэмакратычных памкненняў беларусаў.
Белсат