Прэзідэнта Украінскай асацыяцыі студэнцкага самакіравання Лізавету Шчапяцільнікаву не пусцілі ў Беларусь
Прэзідэнта Украінскай асацыяцыі студэнцкага самакіравання Лізавету Шчапяцільнікаву не пусцілі ў Беларусь, куды яна накіроўвалася для сустрэч са студэнцкімі актывістамі.
Як паведамляе інтэрнэт-рэсурс "Товарищ.online" (www.camarade.biz), Шчапяцільнікава не змагла перасячы беларускую мяжу на цягніку Кіеў-Мінск — беларускія памежнікі
аб'явілі студэнцкаму лідару, што ёй забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі.
Прычын адмовы ва ўездзе на тэрыторыю краіны супрацоўнікі пагранічнай службы не патлумачылі. Пры гэтым на працягу прыкладна гадзіны Шчапяцільнікавай задавалі пытанні адносна мэты яе прыезду ў
Беларусь. Тры з паловай гадзіны яе пратрымалі ў памяшканні пагранічнай службы, а раніцай яна была адпраўлена электрычкай да станцыі Гарнастаеўка са штампам аб дэпартацыі ў білеце.
"Мяне знялі з цягніка ў Мінск і дэпартавалі ва Украіну, аб'явіўшы, што ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь мне забаронены... Напэўна, мы ўсё ж робім штосьці правільна",
— напісала ў сваім твітэры Шчапяцільнікава.
Шчапяцільнікава з'яўляецца трэнерам па пытаннях студэнцкага самакіравання, яна выступала членам экспертнай каманды Еўрапейскага саюза студэнтаў і Савета Еўропы ў ходзе візіту ў Беларусь у 2010
годзе і ўжо два гады працуе ў рабочай групе Еўрапейскага саюза студэнтаў па пытаннях развіцця студэнцкага руху ў Беларусі.