Віктар Лукашэнка правёў перамовы ў ААЭ і наведаў этап «Формулы-1»

Тыдзень таму памочнік кіраўніка Беларусі па пытаннях нацыянальнай бяспекі Віктар Лукашэнка пабываў у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах (ААЭ).



vicia.jpg

З паведамленняў мясцовых СМІ вядома, што старэйшы сын кіраўніка дзяржавы правёў перамовы з высокапастаўленымі чыноўнікамі ААЭ і наведаўся на этап чэмпіянату свету па аўтагонках у класе «Формула-1» у Абу-Дабі.
3 лістапада Віктар Лукашэнка сустрэўся з віцэ-прэм'ерам і кіраўніком МУС Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў генерал- лейтэнантам шэйхам Сейфам бен Заідам аль-Нахаянам.
«У ходзе сустрэчы былі абмеркаваны тэмы, якія прадстаўляюць узаемную цікавасць для дзвюх краін», — сказана ў афіцыйным паведамленні па выніках перамоў.
У гэты ж дзень Віктар Лукашэнка на свае вочы назіраў за перыпетыямі барацьбы на этапе Формулы-1 «Гран-пры Абу-Дабі».
Як раней паведамлялася, старэйшы сын прэзідэнта стаў заўсёднікам этапу Формулы-1 у ААЭ. Ён ужо некалькі гадоў запар значыцца ў ліку ганаровых гасцей Гран-пры Абу-Дабі. Варта адзначыць, што спецыяльнае запрашэнне наведаць Абу-Дабі ў пачатку лістапада паступае ад кіруючай сям'і эмірата. Паназіраць за каралеўскімі аўтагонкамі з віп-ложы, у прыватнасці, прыязджалі прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў і кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў.
Гран-пры Абу-Дабі праводзіцца на востраве Яс, у некалькіх кіламетрах ад сталіцы ААЭ. Траса на аўтадроме «Яс-Марына» лічыцца адной з самых прыгожых, а гонкі — самымі уражлівымі па вонкавым антуражы. Усе трыбуны змяшчаюць каля 55 тысяч чалавек.
У сакавіку Аляксандр Лукашэнка быў у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах і сустракаўся з наследным прынцам эмірата Абу-Дабі — намеснікам вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі ААЭ шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам і вышэйзгаданым Сейфам бен Заідам аль-Нахаянам.
news.tut.by