Адбылося пасяджэнне ЦВК з удзелам незалежных назіральнікаў

Паменшылася колькасць выданняў, дзе можна публікаваць праграмы кандыдатаў у дэпутаты, а ахвяраваць сродкі на рахунак выбарчага фонду можна будзе праз інтэрнэт-банкінг. 

rec.gov.by

rec.gov.by

Пра гэта распавёў назіральнік ад Партыі БНФ Юрый Чавусаў, які 28 жніўня прысутнічаў на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Камісія разгледзіла пытанні выкарыстання СМІ ў перадвыбарчай кампаніі, парадак дэкларавання даходаў асобамі, якія вылучаюцца кандыдатамі ў дэпутаты, а таксама пытанні стварэння кандыдатамі выбарчых фондаў.
Па словах Юрыя Чавусава, для будучых кандыдатаў бадай што найбольшае значэнне з прынятых сёння рашэнняў маюць пастановы датычныя выкарыстання СМІ ў перадвыбарчай агітацыі.
— Ужо вядома, што паменьшылася колькасць рэспубліканскіх газетаў, дзе можна будзе публікаваць праграмы. Калі падчас мінулых выбараў гэта былі “Звязда”, “Рэспубліка” і “Народная газета”, то цяпер засталіся толькі “Звязда” і “Рэспубліка” (умовы выкарыстання абласных і раённых дзяржвыданняў засталіся ранейшыя). Пералік праграмаў кандыдатаў, апублікаваных у газетах, будзе весціся на сайце ЦВК.
Цэнтрвыбаркам падкрэсліў, што цяпер тэлевыступы кандыдатаў будуць суправаджацца сурдаперакладам альбо субтытрамі. Таксама спадарыня Ярмошына адзначыла, што ў кандыдатаў будзе магчымасць карыстацца тэлесуфлёрам, калі кандыдат парупіцца прадставіць зараннё тэкст свайго выступу. Памер эфіру на тэлебачанні (пяць хвілін) і радыё (пяць хвілін) застаўся без зменаў. Як і раней, кандыдатам будзе дадзеная магчымасць узяць удзел у тэледэбатах, калі яны заявяць пра такое жаданне адразу пасля рэгістрацыі. Падкрэслена, што на запіс выступаў кандыдат можа прыйсці са сваім памочнікам, а для выступу ў тэледэбатах кандыдат можа накіраваць сваю давераную асобу.
Цэнтрвыбаркам зацвердзіў Назіральную раду па кантролю за выкананнем парадку і правіл правядзення перадвыбарчай агітацыі ў СМІ – у яе склад, разам з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ і лаяльнага ўладам Саюзу журналістаў увайшоў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў. “Паказальна, што прадстаўляючы склад гэтай рады, спадарыня Ярмошына падкрэсліла што ў яе уваходзяць прадстаўнікі дзяржаўнага і недзяржаўнага аб’яднанняў журналістаў, хоць паводле закону гэтыя дзве арганізацыі, БСЖ і БАЖ, маюць абсалютна роўны статус рэспубліканскага грамадскага аб’яднання”, – каментуе назіральнік ад БНФ Юрый Чавусаў.
Пастанова пра парадак дэкларавання даходаў і маёмасці асобамі, што вылучаюцца кандыдатамі ў дэпутаты, прынятая ў цэлым ў ранейшым выглядзе: форма дэкларацыі, зацверджаная Саўмінам, застаецца ранейшая, і па-ранейшаму выглядае пералік хібаў у дэкларацыі, якія могуць быць прызнаныя істотнымі і стаць падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдата (дэклараванне даходаў у памеры, меньшым за сапраўдны на 20%, незадэклараваная нерухомасць, незадэклараваныя акцыі). “Падрабязныя тлумачэнні, дадзеныя ў пастанове пра дэклараванне, павінныя быць прадметам уважлівага вывучэння будучымі кандыдатамі. Аднак здзіўляе тая ўвага, якую ЦВК надаў тэме аховы персанальных дадзеных пры разглядзе гэтай пастановы: спадарыня Ярмошына неаднаразова спасылалася падчас абмеркавання на закон “Аб персанальных дадзеных” як пра дзеючы акт, у той час як насамрэч азначаны законапраект яшчэ не прыняты ў другім чытанні, не падпісаны і праца над ім працягваецца”, – кажа Юрый Чавусаў.
Прымаючы пастанову пра парадак фармавання выбарчых фондаў кандыдатаў, Цэнтрвыбаркам падкрэсліў, што цяпер пашыраецца магчымасць выкарыстання інтэрнэт-банкінгу ў гэтай сфэры: кандыдаты будуць мець магчымасць сачыць за папаўненнем фонду праз інтэрнэт-банкінг “Беларусбанка”, а ахвяраваць сродкі на рахунак выбарчага фонду можна будзе таксама праз інтэрнэт-банкінг.
Апроч прадстаўніка БНФ, на дадзены момант у Цэнтрвыбаркаме акрэдытаваныя назіральнікі ад Беларускага Хельсінкскага Камітэту, ЛДП і РГА “Белая Русь”.
Наступнае пасяджэнне Цэнтральнай камісіі павінна адбыцца ў другой палове вврасьня. На ім, сярод іншага, чакаецца разгляд пытанняў пра стварэньне ўмоваў для ўдзелу ў выбарах асобаў з інваліднасьцю.