За 2018 год беларускія суды вынеслі 0,19% апраўдальных прысудаў
За 2018 год беларускія суды вынеслі 0,19% апраўдальных прысудаў. Апраўдана 80 чалавек, асуджана ў той жа час 40612 чалавека, паведамляе Еўрарадыё.
У 2017 годзе ў Беларусі вынеслі 96 апраўдальных прысудаў.
Асноўнымі падставамі для апраўдання сталі адсутнасць у дзеяннях падсуднага складу злачынства і недаказанасць удзелу абвінавачанага ў яго здзяйсненні. 32 чалавекі апраўданыя па абвінавачваннях у злачынствах супраць жыцця і здароўя (з іх двое — па абвінавачанні ў забойстве, 13 — супраць асабістай свабоды, гонару і годнасці, 10 — супраць уласнасці і парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда.
З ліку асуджаных:
- 15111 асоба асуджана за крадзяжы маёмасці рознымі спосабамі;
- 5804 асобы асуджана за ўхіленне бацькоў ад утрымання дзяцей;
- 2452 асобы асуджана за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі;
- 1005 асобаў асуджана за карупцыйныя злачынствы;
- 884 асобы асуджана за кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення ці перадачу ўпраўлення транспартным сродкам такой асобе, ці адмову ад прахаджання праверкі (агляду).
На думку першага намесніка старшыні Вярхоўнага суда Валерыя Калінковіча, малая колькасць апраўдальных прысудаў сведчыць, найперш, пра добрую працу беларускіх следчых органаў:
«З утварэннем Следчага камітэта ў суды стала паступаць менш спраў з даказальнай базай 50 на 50. Калі судовая перспектыва справы яшчэ на стадыі накіравання ў суд пралічвалася шмат у якіх выпадках вельмі слаба. Таму, скарачэнне колькасці апраўдальных прысудаў ― гэта працэс натуральны. Асабліва, калі ўлічыць, што каля чвэрці крымінальных спраў, што паступаюць у суд, маюць прызнанне абвінавачаным сваёй віны».