«Закрыццё амбасады ў Славакіі — сігнал, што Беларусь не зацікаўленая ў адносінах з Еўропай»

Беларусь закрывае амбасаду ў Славакіі. Да 1 снежня дыпмісія мусіць спыніць працу, а МЗС даручана прыняць меры па закрыцці. Можна падумаць, што гэта наступствы ўказу аб адмене выдачы беларускіх пашпартоў за мяжой, але не — сама амбасада яшчэ некалькі тыдняў таму папярэдзіла, што па ўсіх консульскіх пытаннях беларусам Славакіі ад пачатку верасня трэба ездзіць у Аўстрыю.

_mid__mzs__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Дыпламатычныя стасункі паміж РБ і Славацкай Рэспублікай дзейнічаюць ужо 30 год, а Лукашэнка яшчэ на пачатку бягучага года заяўляў, што сяброўства Беларусі і Славакіі «не можа быць знянацку разбуранае палітычнымі амбіцыямі». Дый беларусаў у гэтай краіне жывуць не тое каб лічаныя адзінкі: толькі за мінулы год, паводле звестак Еўрастату, Славакія выдала нашым суайчыннікам 362 пярвічныя дазволы на пражыванне.

Само па сабе скарачэнне дыпламатычных стасункаў афіцыйнага Мінска з еўрапейскімі краінамі не здзіўляе — за апошнія гады вектар знешняй палітыкі змясціўся ў зусім іншы бок. Таму, напрыклад, беларускія амбасады і консульствы з’явіліся ў Зімбабве, Калумбіі, Ганконгу, Мумбаі, Санкт-Пецярбургу, але былі зачыненыя ў Канадзе і Нью-Ёрку. І ўсё ж, ці шараговае цяперашняе закрыццё, і з якіх прычын, палітычных ці эканамічных, магло быць прынята гэта рашэнне?

— Закрыццё амбасады — у любым выпадку не шараговая падзея, як бы гэта не называлася, «аптымізацыяй» ці неяк інакш, — адзначыў у каментары Філіну палітолаг, колішні супрацоўнік дыпмісіі ў Варшаве Анатоль Котаў. — Гэта палітычны сігнал аб гатоўнасці ці негатоўнасці развіваць стасункі з пэўнай краінай ці рэгіёнам.

Відавочна, рашэнне аб закрыцці амбасады ў Славакіі — сігнал аб тым, што Беларусь не зацікаўленая ў развіцці адносінаў з Еўропай і ў прыватнасці са Славакіяй.

Цяжка меркаваць, каб да гэтага прывялі перадусім эканамічныя прычыны. Трэба разумець, што ўся сетка беларускіх амбасадаў цягам апошніх дваццаці гадоў, нягледзячы на розныя перыяды ў адносінах паміж Беларуссю і Захадам,  Беларуссю і Еўропай, — была, можна сказаць, еўропацэнтрычнай.

Так ці інакш, усе інтарэсы, тэхналогіі, замежны гандаль, на якім Беларусь зарабляла, былі сканцэнтраваныя ў Еўропе. І менавіта на гандлі з Еўропай рэжым зводзіў рахунак знешняга гандлю з усім светам: гэтыя прыбыткі кампенсавалі страты ў гандлю з Расіяй. Адпаведна, з боку амбасадаў патрэбная была даволі актыўная палітычная дзейнасць, каб гэты гандаль працягваўся як мага даўжэй.

Да 2022 года, заўважае Анатоль Котаў, беларускія нафтапрадукты, метал, калійныя ўгнаенні карысталіся вялікім попытам у Еўропе і ЗША. Але ва ўмовах вайны і санкцый ранейшы прыбытак не проста зменшыўся — за палову 2023 года сальда знешняга гандлю таварамі сышло ў мінус на больш чым $2 мільярды.

Відавочна, што цяпер інтарэсы беларускіх уладаў ляжаць не ў Еўропе, якая адмаўляецца купляць беларускія тавары на мільярды долараў, а ў Афрыцы,  якой РБ стараецца прадаць сваіх тавараў хоць бы на некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў. І, канешне, у Расіі, куды Беларусь экспартуе значную частку тавараў.

— То бок, цяпер амбасады, каб купляць штосьці за мяжой, рэжыму не вельмі патрэбныя. У іх яшчэ з савецкіх часоў засталося разуменне, што амбасады павінны былі прадаваць. І з гэтага пункту гледжання рэжым дзейнічае лагічна: Славаччына, як і ўвесь еўрапейскі рэгіён, на жаль, не будзе прыярытэтам у знешнім гандлю.

Ёсць, канешне, і яшчэ адзін чыннік — уласна беларускія грамадзяне. Указ Лукашэнкі аб пашпартах, які ўступіў у дзеянне на мінулым тыдні, таксама пазбавіў амбасады вельмі важнай функцыі працы з беларусамі за мяжой.

Атрымліваецца, прынамсі ў Славакіі, беларускі амбасадар зараз не выконвае ні палітычных, ні гандлёвых, ні гуманітарных задач (можна згадаць культурна-асветніцкія праекты, але гэта ўвогуле такі факультатыў). А калі ніводнай з гэтых функцый няма — можна зачыняць.

Напэўна, мяркуе палітолаг, Славакія не будзе адзінай еўрапейскай краінай, дзе адбудзецца падобны працэс — ці то скарачэнне персаналу, ці то наогул закрыццё дыппрадстаўніцтва.

Некалькі год таму, нагадвае суразмоўца, улады ўжо скарацілі колькасць прадстаўніцтваў у Нямеччыне, якая да 2020 года падавалася вельмі перспектыўным партнёрам Беларусі.

— Ёсць толькі адзін эканамічны чыннік, які не дазваляе гэты працэс рабіць хуткім і масавым — гэта нерухомасць. Збольшага, калі адчыняецца амбасада ў іншай краіне, альбо бярэцца вельмі доўгатэрміновая арэнда на 20-25 гадоў, альбо зямля ці будынкі набываюцца ва ўласнасць. І зараз за кароткі тэрмін ад гэтай маёмасці цяжка пазбавіцца.

Аднак сваю прысутнасць у Еўропе так ці інакш рэжым будзе скарачаць. Палітычны дыялог там з імі не вядуць, на мерапрыемствы не запрашаюць, гандаль ад іх не залежыць, грамадзяне цяпер будуць абмінаць амбасады, нават тыя, хто мусіў туды звяртацца па нейкія паперы і патрэбы. А проста ўтрымліваць людзей і плаціць ім заробак ні за што рэжым не стане, будзе эканоміць.

Канешне, ёсць і шэраг амбасад, якія трапяць пад скарачэнне ў апошнюю чаргу. Перадусім гэта дыпмісіі ў краінах-суседках, як бы дзіўна тое сёння ні гучала, таксама, думаю, Аўстрыя і Швейцарыя, дзе ёсць прадстаўніцтвы пры міжнародных арганізацыях, і такія ключавыя краіны, як Нямеччына, Італія, Францыя. Усе астатнія — у чарзе кандыдатаў «пад нож».