Замест «Форта Трампа» ЗША абяцае палякам адмяніць візы

Новай базы NATO ў Польшчы не будзе — не будзе і «Форта Пуціна» ў Беларусі?  «Паўнавартасная» амерыканская база «Форт Трамп» пакуль застаецца толькі «польскай марай», піша «Еўрарадыё».

Прэзідэнты Польшчы і ЗША, а таксама іх жонкі ў Белым доме. Фота: wprost.pl

Прэзідэнты Польшчы і ЗША, а таксама іх жонкі ў Белым доме. Фота: wprost.pl

На гэтым тыдні адбыўся другі за гэты год візіт прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды ў Вашынгтон. Дональд Трамп прымаў польскага калегу ў Авальным кабінеце, пасля прэзідэнты правялі сумесную прэсавую канферэнцыю.

Спецыяльна для польскага прэзідэнта над Белым домам праляцеў баявы самалёт F-35 — Польшча плануе набыць 32 такія знішчальнікі. Прычым Расія праз “Спутнік” ужо закінула палякам сумнеў, што Су-57 лепшыя за F-35 і закупка амерыканскага ўзбраення — гэта грошы, выкінутыя на вецер.

Але галоўнае, чаго чакалі ад Дуды і Трампа, гэта не навіны пра знішчальнікі. У Вашынгтоне вырашаўся лёс “Форта Трампа” — новай вайсковай базы NATO ў Польшчы. Пашырэнне амерыканскай прысутнасці ва Усходняй Еўропе вельмі не падабаецца Уладзіміру Пуціну. І Аляксандру Лукашэнку таксама: з нагоды “Форта Трампа” ён казаў, што Беларусь і Расія не могуць не адрэагаваць на гэта.

Амерыканская вайсковая прысутнасць у Польшчы

Цяпер у суседняй краіне знаходзіцца 13,5 тысячы салдат саюзных войскаў NATO. Па інфармацыі генеральнага камандавання ўзброеных cіл Польшчы, палова з іх гэта амерыканцы. Салдаты ЗША базуюцца ў Жагані, Драўска-Паморске, Карліках, Свянтошуве, Сквежыне, Познані, Баляслаўцы, Повідзе, Торуні і Бэмова-Піске.

Пасля таго як два з паловай гады таму ў Польшчу была перакінутая танкавая брыгада і ўтвораны шматнацыянальны батальён NATO ў Ожышы, на ратацыйнай аснове ў Польшчы прысутнічаюць да 4,5 тысячы амерыканскіх ваеннаслужачых.

Што новага падпісалі ў Вашынгтоне?

Згодна з падпісанай 12 чэрвеня дэкларацыяй пра абароннае супрацоўніцтва ЗША і Польшчы, колькасць натаўскіх салдат у нашай заходняй суседцы павялічыцца ўсяго на тысячу. Таксама плануецца, што камандаванне амерыканскімі войскамі размесціцца ў Познані. Яно будзе каардынаваць дзейнасць вайскоўцаў на ўсходнім краі NATO. На базе навучальных зон будзе створаны Цэнтр баявой падрыхтоўкі ды інфраструктура аэрапорта.

На працягу некалькіх гадоў Польшча інвестуе ў інфраструктуру не менш за $2 млрд, а амерыканцы возьмуць на сябе ўтрыманне сваіх вайскоўцаў. Інфраструктурай будуць карыстацца не толькі амерыканскія і польскія сілы, але ўвесь Паўночнаатлантычны альянс.

Прэзідэнты дамовіліся, што прысутнасць амерыканскіх войскаў будзе стацыянарная, а не ратацыйная, як цяпер. Гэта азначае, што выдаткі на іх утрыманне будуць доўгатэрміновымі. Магчыма, што тысяча амерыканскіх салдат будзе перакінутая з Нямеччыны, з якой у адміністрацыі Трампа стасункі апошнім часам не тое каб вельмі гладкія.

Сёння ў Германіі знаходзіцца 30 тысяч натаўскіх ваеннаслужачых. Пра падобны кантынгент марыў і Анджэй Дуда. Прэзідэнт Польшчы працягвае выкарыстоўваць антырасійскую рыторыку — маўляў, Расія напала на Грузію ў 2008 годзе, а ў 2014 годзе — на Украіну, праводзіць вайсковыя вучэнні “Захад” у Беларусі. Расія застаецца асноўнай пагрозай у рэгіёне і толькі прысутнасць амерыканскіх войскаў можа спыніць яе імперскія апетыты.

Польская мара

Але “паўнавартасная” амерыканская база “Форт Трамп” пакуль застаецца толькі “польскай марай”. Трамп не гатовы на такі крок. Адзіная саступка, на якую гатовая пайсці амерыканская адміністрацыя — абяцанне адмяніць палякам візы ў ЗША. Нашы заходнія суседзі спадзяюцца, што гэта адбудзецца ўжо ў верасні падчас чарговага візіту Трампа ў Польшчу на гадавіну пачатку Другой сусветнай вайны.


Беларуская рэчаіснасць

Беларусы могуць выдыхнуць: няма “Форта Трампа” ў Польшчы — не будзе і “Форта Пуціна” ў Беларусі.

"Мы не ідыёты і, вядома, на гэта рэагуем, з нашым галоўным саюзнікам думаем, як супрацьстаяць усяму гэтаму і знайсці адэкватны адказ у гэтай сітуацыі. Мы не такія багатыя з Расіяй, але мы, вядома, пра гэта думаем, хоць не хацелася б: нам ёсць на што траціць грошы”, — разважаў пра “Форт Трампа” Аляксандр Лукашэнка.

Супрацьстаяць і адказваць пакуль што няма на што. Хіба што Расія возьмецца за ўзмацненне ўжо існуючай ваеннай інфраструктуры ў нашай краіне.