З'езд БНФ перанесены на 11 кастрычніка: не далі памяшканне

Запланаваны на 13 верасня чарговы XVI З'езд Партыі БНФ перанесены на месяц пазней у сувязі са складанасцямі з арэндай памяшкання патрэбнай умяшчальнасці. Кіраўніцтва партыі звязвае перашкоды ў правядзенні з'езду з атмасферай страху, якая пануе ў грамадстве, і з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў.



zjezd.jpg

Як паведамляе Управа Партыі БНФ, нягледзячы на адмовы з боку ўладальнікаў больш чым 50 канферэнц-залаў і палацаў культуры, да апошніх дзён вяліся перамовы з патэнцыйнымі арэндадаўцамі. Некаторыя адмаўлялі адразу, спасылаючыся або на занятасць, або наўпрост на нежаданне мець праблемаў з-за прадастаўлення памяшкання для Партыі БНФ. Аднак большасць паведамлялі, што заля пакуль вольная, але яны мусяць узгадніць з кіраўніцтвам. Вынік такіх узгадненняў заўсёды быў адмоўны. Пошук пагаднення з уладальнікамі памяшканняў ускладняўся тым, што некаторыя патрабавалі ад партыі «дазвол Мінгарвыканкама на правядзеньне З'езду», які не прадугледжаны заканадаўствам.
На XVI З’езд Партыі БНФ ужо вылучаныя каля 200 дэлегатаў. У парадку дня не толькі перавыбары партыйнага кіраўніцтва, але і зацвярджэнне стратэгіі дзеянняў на прэзідэнцкіх выбарах 2015 году, а таксама прыняццё зменаў у праграму Партыі БНФ.
У такой сітуацыі кіраўніцтвам БНФ прынятае рашэнне пра перанос З'езду на пазнейшы тэрмін: зараз паседжанне вышэйшага партыйнага органа прызначанае на 11 кастрычніка.
Камэнтуючы перанос З'езду Партыі БНФ, лідэр партыі Аляксей Янукевіч заявіў:
— Мы да апошняга дня вялі перамовы з арэндадаўцамі і Мінгарвыканкамам. Аднак перасцярогі ўладальнікаў памяшканняў так і не атрымалася вырашыць. Была дамоўленасць з адной са структур аб правядзенні З'езду ў іх Доме культуры, атрымалася ўзяць паперу з Мінгарвыканкама, што яны не маюць пярэчанняў , але ў апошні момант, калі не заставалася часу на пошук альтэрнатыўных варыянтаў, нам было заяўлена: будынак 13 верасня будзе заняты пад іншыя мэты. У выніку З'езд БНФ пераносіцца. Гэтая прыкрая сітуацыя сведчыць, што ў Беларусі пануе атмасфэра страху ды захоўваецца ўціск апазыцыі і грамадзянскай супольнасці.
Я лічу, што перашкоды для правядзення З'езду Партыі БНФ маюць палітычныя прычыны. Мы плануем на З'ездзе вызначыцца з нашай стратэгіяй на прэзідэнцкія выбары. Вымушаны перанос З'езду Партыі БНФ ёсць сведчаннем таго, у якой атмасферы пачынаецца кампанія па выбарах прэзідэнта, — адзначыў Аляксей Янукевіч.
Парадак дня З'езду БНФ, які адбудзецца 11 кастрычніка, застаецца ранейшым: справаздача і выбары кіраўніцтва партыі (старшыня, яго намеснікі, Сойм БНФ і рэвізійная камісія), вызначэнне стратэгіі партыі на будучых прэзідэнцкіх выбарах, разгляд зменаў і дапаўненняў у партыйную праграму.
Прэсавая служба ПБНФ