Гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага апытаў участковы
Напярэдадні вядомага журналіста абпырскалі хімікатамі каля свінакомплексу «Добрая хрюшка», пасля чаго ён быў вымушаны правесці ноч у таксікалагічным аддзяленні шпіталя хуткай медычнай дапамогі.

Кастусь Жукоўскі
«Мне ставілі кропельніцу, давалі ўколы і пігулкі. Сёння пачуваю сябе няблага, толькі яшчэ пячэ крыху ўваччу і пяршыць у горле. Буду прасіць лекараў, каб выпісалі дамоў», — паведаміў Кастусь Жукоўскі.
Ён дадаў, што выкліканы на месца інцыдэнту ўчастковы прыехаў увечары ў шпіталь і ўзяў у яго заяву пра напад невядомага мужчыны з апырсквальнікам. Патлумачыў, што будзе разьбірацца. Напарнік Жукоўскага Андрэй Толчын не пацярпеў: яму нападнік апырскаў невядомым хімічным рэчывам толькі джынсы.

Андрэй Толчын
Інцыдэнт здарыўся 8 жніўня папаўдні блізу вёскі Зялёныя Лукі Гомельскага раёну. Кастусь Жукоўскі з Андрэем Толчыным, пакінуўшы каля дарожнага знаку «Ўезд забаронены» аўтамашыну, пайшлі з відэакамэрай да свінакомплексу, які належыць таварыству з абмежаванай адказнасцю «Добрая хрюшка». Журналісты меліся спраўдзіць інфармацыю пра нібыта падзёж свіней на комплексе з невысветленых прычын. Іх сустрэлі міліцыянты — сталі тлумачыць, што яны зайшлі ў санітарную зону. У гэты час у прысутнасьці міліцыянтаў мужчына ў камуфляжнай форме, па ўсім відаць з ліку ахоўнікаў свінакомплекса, напаў на незалежных журналістаў і абпырскаў іх хімічным рэчывам невядомага паходжання.

Невядомы нападнік
Паводле Радыё Свабода