100 год Слуцкаму збройнаму чыну: Аддаць сваю моц на карысць Беларусі

Шмат хто лічыць, што Слуцк — гэта не горад для турызму. Старажытных архітэктурных помнікаў у горадзе сапрўды няма. Але апрача архітэктурна-скульптурных помнікаў існуюць яшчэ помнікі нацыянальнай свядомасці. І тут Слуцк выходзіць, бадай, на першае месца.

img_20201017_111501_logo.jpg


Слуцкі Збройны чын, слуцкая самаарганізацыя насельніцтва падчас яго падрыхтоўкі, слуцкае культурна-асветніцкае таварыства “Папараць-кветка” з цягам часу зоймуць важнае месцы ў сэрцы і памяці неабыякавых беларусаў.17 кастрычніка Слуцкае таварыства беларускай мовы ажыццявіла чарговую вандроўку ў пошуках слуцкіх каранёў беларушчыны і незалежніцкіх настрояў. Прысвечаная гэта вандроўка 100-годдзю Слуцкага Збройнага чыну.
Далёка шукаць карані нацыянальнай свядомасці не патрэбна, бо яны месцяцца амаль ў цэнтры Слуцка - на вуліцы Камсамольскай, былой вуліцы “Шырокая”. На гэтым гістарычным месцы, зараз знаходзіцца слуцкая рускамоўная гімназія №1. У далёкім 1917 годзе тут была якраз беларускамоўная гімназія. Восенню 1917 года некалькі гімназістаў, якія шчыра любілі беларускую мову, вырашылі паспрыяць яе распаўсюджванню ў Слуцку і стварылі культурна-асветніцкае таварыства “Папараць-кветка”.
— Случакі-гімназісты і праз 100 гадоў даюць нам ўрок беларускай нацыянальнай свядомасці — асабліва для тых, хто адкладвае беларускасць на потым, — расказала Ніна Стужынская, якая была запрошана ў якасці настаўніка-эксперта для “гадзіны беларускай мовы і гісторыі” у сувязі з стагоддзем Слуцкага Збройнага чыну. — У наш час можна чуць, што патрэбна змагацца за народаўладдзе, вяртанне Канстытуцыі 1994 года, а беларуская мова і свядомасць могуць пачакаць.

Сяргей Бусел

Сяргей Бусел


Слуцкая моладзь на сваім вопыце паказала, што трэба цвёрда акрэсліць праграму дзеянняў і мэтанакіравана яе ажыццяўляць. У праграмаме Статута культурна-асветніцкага гуртка найпершым заданнем было “працаваць дзеля адраджэння культуры Бацькаўшчыны і падрыхтаваць сваіх сяброў на свядомых грамадзян, якія б у будучыні маглі аддаць сваю моц на карысць Беларусі”. Статут патрабаваў, каб гутарка паміж сябрамі вялася толькі на беларускай мове.
Слуцкая “Папараць-кветка” здолела абудзіць патрыятызм у сэрцах случчан – спачатку ў маладых, а пасля і ў сталых. Як грыбы, раслі і множыліся філіялы гурткоў у вёсках Случчыны. Літаратурныя і краязнаўчыя гурткі як форма нацыянальнай працы існавалі амаль у кожнай вёсцы, дзе былі школы: у Гулевічах, Старыцы, Слабада-Кучынцы, Вясеі, у прадмесці Слуцка “Востраў”, Ліпніках…
Заснавальніку слуцкага гуртка “Папараць-кветка” Сяргею Буслу ў 1917 годзе было ўсяго 16 гадоў. Удзельнік гуртка, змагар за беларускія школы на Случчыне, ўдзельнік збройнага чыну, Юрка Лістапад успамінаў, што ў першыя часы Сяргею прыходзілася цяжка. Вучні старэйшых класаў не хацелі ўступаць, “дык Сяргей Бусел прымусіў вучняў ніжэйшых класаў прыйсці на першы сход, каб выбраць праўленне гуртка. Бальшавікі дазволу на сход не далі, тады гэта куча дзяцей рэвалюцыйным парадкам адчыніла сход і выбрала праўленне.

Юрка Лістапад

Юрка Лістапад


Юрка Лістапад ва ўспамінах “Узбіліся на свой шлях” піша, што сталыя людзі спярша не спачувалі беларускуму руху, і калі сябры гуртка ўздумалі зрабіць першае йгрышча, дык слуцкія музыканты адмовіліся там іграць. Выратаваў становішча вядомы беларускі дзеяч Васіль Русак з вёскі Ячава. Ён як раз быў звольнены з войска, любіў спяваць. Ён і памог вучням арганізаваць першае мерапрыемства.
А пасля іх ужо было не злічыць. У 1920-м годзе колькасць сябраў арганізацыі налічвала больш за 300 чалавек. Тэатральныя беларускамоўныя пастаноўкі, арганізацыя свайго хору, краяўзнаўчая праца, курсы беларусазнаўства, адкрыццё беларускіх школ, сельскагаспадарчых кааператывў, тысячы розных вечароў, выданне свайго часопісу “Наша каляіна” — дзейнасць была шматгранная. Настолькі шматгранная, што яе заўважылі ў сталіцы. Драматург — актор Уладзіслаў Галубок ставіў у Слуцку свае спектаклі, знакаміты “хор Тэраўскага” не адказаўся выступіць у Слуцкім кафедральным саборы і даў яшчэ адзін вечар-канцэрт.
Паступова Слуцк станавіўся цэнтрам беларускага руху і нават цэнтрам беларускай культуры, а случчане прывыклі да бел-чырвона- белых сцягоў.
Зразумела, што случчане-асветнікі не маглі застацца ў баку ад Слуцкага Збройнага чыну, паколькі пытанне ішло аб далейшым існаванні беларускай Бацькаўшчыны. Усе трыста сябраў “Папараць-кветкі” уступілі ў рады жаўнераў слуцкай брыгады. Перад гэтым актывісты таварыства прынялі ўдзел у арганізацыі і рабоце беларускага з’езду Случчыны, які адбыўся ў доме Эдварда Вайніловіча.
Сімвалічна, што гэты дом знаходзіўся літаральна насупраць гімназіі, праз дарогу. Два будынкі як быццам сведчылі пра той шлях, якім прайшла слуцкая моладзь: ад беларускага асветніцкага гуртка — да збройнага змагання за інтарэсы беларускага краю.

Ніна Стужынскае расказвае жахарам Слуцка гісторыю іх горада

Ніна Стужынскае расказвае жахарам Слуцка гісторыю іх горада


Яны сумленна выканалі артыкулы свайго Статуту: спачатку сталі нацыянальна-свядомымі беларусамі, а пасля аддалі ўсю сваю моц Беларусі. І не толькі моц, але і жыцці.
Дом Вайніловіча пасля быў зруйнаваны бальшавікамі. На гэтым месцы зараз месціцца Слуцкая цэнтральная кацельня, над якой узвышаецца стандартная труба, пафарбаваная ў бел-чырвоны колер. Колер, які сёння так не любяць нашы ўлады і міліцыянты нават на вопратцы беларусаў.
Кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская, аўтарка кнігі “Беларусь мяцежная” валодае тэмай дасканала і магла б гадзінамі распавядаць пра падзеі тых часоў, якія закранулі не толькі Случчыну, але і многія іньшыя паветы і воласці.
Удзельнікі тэматычнай вандроўкі схілілі галовы падчас мінуты маўчання перад светлай памяццю асветнікаў і барацьбітоў.
Сяргей Бусел, Юрка Лістапад, Янка Ракуцька, Васіль Русак, Павел Жаўрыд, Пётр Зянюк, Марыя і Людміла Стагановічы, Андрэй Бараноўскі, Улас Дубіна, Марк Асвяцімскі, Алесь Каўпак, Адам Бабарэка, Янка Урбановіч, Люба Зенковіч і многія, многія іньшыя… Р
Розныя лёсы, адна любоў на ўсіх: беларуская, незалежная, дэмакратычная і культурная Бацькаўшчына.