Як адзначаецца ў звароце аргкамітэту да беларускай грамадскасці, 8 верасня 2014 года спаўняецца 500 гадоў ад часу выбітнай перамогі пад Воршай войскаў нашай дзяржавы над арміяй Вялікага Княства
Маскоўскага.
Супраць 80-тысячнага войска захопнікаў, якое шляхам подкупу абаронцаў авалодала Смаленскам, урад ВКЛ здолеў выставіць усяго 30 тысяч вояў. Асноўную ролю ў арганізацыі і правядзенні таленавітай і
паспяховай вайсковай аперацыі пад Воршай адыграў найвышэйшы гетман ВКЛ Канстанцін Іванавіч Астрожскі. У выніку перамогі нашых войскаў быў спынены далейшы захоп акупантамі беларускіх земляў і
разбураны таемны саюз між Масквой і Свяшчэннай Рымскай імперыяй германскай нацыі, скіраваны супраць ВКЛ-Беларусі ды Польшчы. Поўны захоп ВКЛ не адбыўся, нашая краіна паказала ўсёй Еўропе прыклад
мужнасці і вайсковага ўмельства.
У перад’юбілейны год патрыятычная грамадзкасць Беларусі згуртавалася ў Нацыянальным аргкамітэце дзеля супольнага святкавання ў 2014 годзе 500-годдзя гэтай слаўнай падзеі нашай гісторыі,
і прапануе абвесціць 2014 год у Беларусі годам бітвы пад Воршай.
У план святкавання ўваходзіць правядзенне міжнароднай навуковай канферэнцыі, юбілейнага фэсту на месцы бітвы і адмысловай выставы, конкурсаў, спаборніцтваў, вандровак і экскурсій, а таксама
прэзентацыя выданняў, прысвечаных вялікай перамозе пад Воршай.
Аргкамітэт запрашае грамадзтва да шырокага ўдзелу ў святкаванні юбілею Аршанскай бітвы.
Нагадаем, Нацыяльны аргкамітэт па святкаванні 500-годдзя бітвы пад Воршай быў створаны на прыканцы 2013 года ў Мінску. У склад аргкамітэту ўвайшлі вядомыя дзеячы беларускай культуры.
Старшынёю аргкамітэту абраны доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Грыцкевіч, ягонымі намеснікамі – мастак і грамадзкі дзеяч Мікола Купава, доктар гістарычных навук,
прафесар Алесь Краўцэвіч, палітолаг Алесь Жучкоў, бард
і краязнаўца, адзін з заснавальнікаў бардаўскага фэсту “Бітва пад Воршай” Андрэй Мельнікаў.