
Анатоль Міхнавец:
- 92 гады таму беларусы ўзняліся на абарону свайго роднага краю. Яны хацелі быць гаспадарамі на сваёй зямлі і за гэта змагаліся. І за гэта загінулі. Гэта геройскі чын і мы пра гэта памятаем. Як
вядома, сёння беларусы адзначаюць гэтую падзею на Случчыне. І 27-га паедуць, каб узгадаць слуцкіх герояў. Але не ўсе маюць такую магчымасць, таму мы заклікаем усіх слухачоў Радыё Рацыя, усіх
беларусаў запаліць вечарам 27-га лістапада свечку ці знік у сябе дома. Каб нашыя продкі, змагары за незалежную Беларусь бачылі, што мы памятаем, ганарымся імі і працягваем іх справу.
Дзевяноста два гады таму, 27 лістапада 1920 года, распачаўся Слуцкі Збройны Чын. Нашы продкі пачалі са зброяй у руках змаганне за сваю дзяржаву – Беларускую Народную Рэспубліку. У бой рушылі
Слуцкі і Грозаўскі палкі Першай Слуцкай Брыгады Стралкоў БНР. Да іх далучыліся беларускія часткі арміі Генерала Станіслава Булак-Балаховіча, якія раней біліся пад Мазыром - Беластоцкі батальён і
Смаленскі полк, а таксама партызанскія атрады «Зялёнага Дуба».
Некалькі тысяч паўстанцаў на працягу месяца давалі адпор бальшавіцкай навале. Апошнія атрады сышлі з поля бітвы толькі ў студзені 1921 года. Партызанскія атрады прадаўжалі змаганне яшчэ некалькі
гадоў. 27 лістапада – іх дзень - Дзень Герояў, - піша ў сваім звароце Беларуская Нацыянальнай Памяць. Пад якім падпісаліся між іншых Алесь Краўцэвіч з Беларускага Гістарычнага Таварыства і
Алег Латышонак з Беларускага Гістарычнага Таварыства ў Польшчы.