БагатаДата 13–19 красавіка

Вы ведаеце, што ёсць Сусветны дзень экалагічных ведаў? А хочаце даведацца, хто на гэтым тыдні адзначае юбілей ці круглую дату? Глядзіце наш агляд.

7_main_1.jpg

13 красавіка

Сусветны дзень рок-н-ролу. Праўда, хоць гістарычная падзея, якое паслужыла асновай для свята, адбылася напярэдадні: 12 красавіка 1954 года Біл Хэйлі (Bill Haley) запісаў сінгл «Rock Around The Clock», які стаў знакавым у новым музычным кірунку.


1904. У мястэчку Камень Лепельскага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся беларускі крытык і тэатразнаўца Міхась Модэль. Працаваў дырэктарам Цэнтральнага партыйнага клуба ў Мінску, інструктарам аддзела культуры і прапаганды ЦК КПБ, узначальваў тэатральны аддзел упраўлення па справах мастацтваў пры Савеце міністраў БССР, быў адказным сакратаром Саюза пісьменнікаў. Адсочваў, каб у п’есах і спектаклях 1920-х і 1930-х гадоў «ускрывалася класавая сутнасць драматургічных канфліктаў». Пляжыў творы нацыянальнага кірунку — напрыклад, п’есы «Апраметная» Васіля Шашалевіча і «Кастусь Каліноўскі» Еўсцігнея Міровіча. Вось што Модэль пісаў пра п’есу Шашалевіча: «Разлічана на задавальненне ідэйных запатрабаванняў і рэакцыйных густаў нацыяналістычных колаў беларускай інтэлігенцыі».


14 красавіка

1884. У Мінску нарадзіўся Майсей Шапіра, вядомы беларускі медык. Працаваў галоўным траўматолагам БССР, дырэктарам Навукова-даследчага інстытуту фтызіятрыі, артапедыі і нейралогіі.

1904. У Магілёве нарадзіўся Валянцін Пянькоўскі, савецкі военачальнік. Быў удзельнікам Сталінградскай і Курскай бітваў падчас Другой сусветнай вайны. З 1961 года камандаваў Беларускай вайсковай акругай. А ў 1964-м стаў намеснікам міністра абароны СССР па баявой падрыхтоўцы.


15 красавіка

sm_15.jpg



Міжнародны дзень культуры, а таксама Дзень экалагічных ведаў.

1919. У вёсцы Марчанкі Гарадоцкага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся Цімафей Рамашкін, лётчык, Герой Савецкага Саюза. Пасля вайны працаваў у грамадзянскай авіяцыі. Калі ў 1954 годзе Рамашкін выконваў рэйс Талін — Ленінград, у кабіну пілотаў уварваліся ўзброеныя людзі, якія хацелі захапіць самалёт. Рамашкін збіў аднаго з ног і абясшкодзіў яго. Але сам быў смяротна паранены. Камандзір экіпажа і другі пілот абяззброілі яшчэ аднаго бандыта. Пахаваны Цімафей Рамашкін у Таліне, а ў беларускай сталіцы ў скверы каля аэрапорта «Мінск–1» устаноўлены яму помнік.


16 красавіка

1959. У Ракаве Валожынскага раёна на Міншчыне нарадзіўся Рыгор Шацько, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску. Працяглы час Шацько быў і яго дырэктарам.

20_2014_21_04_m_2.jpg


1979. Ва ўкраінскім Роўне нарадзілася Ала Цупер, беларуская фрыстайлістка, чэмпіёнка Алімпіяды–2014.

1999. Пачаў камерцыйную дзейнасць першы сотавы GSM-аператар у Беларусі — кампанія «Мабільная лічбавая сувязь» (цяпер «velcom»).


17 красавіка

Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцінаў, а таксама Сусветны дзень радыёаматара.

230213.jpg

1899. У Мінску нарадзілася Лідзія Ржэцкая — Народная артыстка БССР і СССР, што цягам болей 50 гадоў грала ў Купалаўскім тэатры. У трупе яе называлі «мамай Лідай».


18 красавіка

eustachy_tyszkiewicz__before_1873_.jpg


1814. У Лагойску з’явіўся на свет Яўстафій Тышкевіч, краязнаўца і археолаг, на аснове калекцыі якога быў створаны Віленскі музей старажытнасцяў.


19 красавіка

1909. У Мінску нарадзіўся беларускі музыказнаўца Браніслаў Смольскі, бацька кампазітара Дзмітрыя Смольскага.