БагатаДата 18–24 красавіка

У нас вельмі цікавая і разнастайная гісторыя. Паглядзець хаця б на тых таленавітых асобаў, якія нарадзіліся ў гэты тыдзень. Хто яны? Чытайце ў нашым традыцыйным аглядзе.

e38bc9f07303718a9224468a0eea4b77.png


18 красавіка

Сусветны дзень радыёаматара, Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін, а таксама Міжнародны дзень цырку.

collage_5_5.jpg


1900. У вёсцы Занёманск, цяпер гэты ў межах Мастоў у Гродзенскай вобласці, нарадзіўся дзяржаўны дзеяч БССР Даніла Валковіч. Намеснік наркама земляробства, некалькі месяцаў у 1937 годзе кіраваў СНК (Саветам народных камісараў) — урадам БССР. Тады ж арыштаваны нібыта за прыналежнасць да замежнай выведкі і расстраляны.

1940. У Казахстане нара­дзіўся кампазітар, народны артыст Беларусі Эдуард Ханок. Сярод яго вядомых песняў: «Вы шуміце, бярозы», «Ці тое яшчэ будзе», «Завіруха», «Малінаўка».

1945. У Вілейцы Мінскай вобласці нарадзілася Наталля Машэрава, дачка кіраўніка БССР Пятра Машэрава. Была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў, у 2011 годзе спрабавала балатавацца на пасаду прэзідэнта Беларусі, але адклікала сваю кандыдатуру.

1950. У вёсцы Цна Мінскага раёна нарадзіўся велагоншчык Уладзімір Камінскі. Станавіўся чэмпіёнам свету і Алімпійскім чэмпіёнам у 1976 годзе ў каманднай шашэйнай гонцы на 100 кіламетраў.


19 красавіка

Вялікдзень па календары праваслаўнай канфесіі.


20 красавіка

1935. У вёсцы Смалянец Уз­дзенскага раёна на Міншчыне нарадзіўся скульптар Уладзімір Лятун. Ён — аўтар эскіза медаля Францыска Скарыны, мемарыялу ваеннай славы «Лудчыцкая вышыня» ў Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці.

14241615301303922101_1000x669.jpg


21 красавіка

Сусветны дзень творчасці і інавацыйнай дзейнасці.

1955. У Мінску нарадзіўся гісторык Уладзімір Дзянісаў. Аўтар гістарычна-архіўных даследаванняў, на аснове якіх былі праведзеныя рэстаўрацыйныя працы на многіх помніках архітэктуры сталіцы. Даследаваў помныя мясціны, звязаныя з жыццём Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Станіслава Манюшкі, Валянціна Ваньковіча.


22 красавіка

Сусветны дзень Маці-Зямлі.

1910. У Краснаярскім краі Расіі нарадзіўся беларускі архітэктар Віктар Волчак. Адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», помніка Марату Казею ў Мінску.

marat_kazei.jpg


23 красавіка

Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права.

1940. У Калінкавічах на Гомельшчыне нарадзіўся пісьменнік Віктар Казько. Найбольш вядомыя творы: «Суд у Слабадзе» (Дзяржаўная прэмія імя Якуба Коласа), «Хроніка дзетдомаўскага саду», «Неруш», «Час збіраць косці» (прэмія Ежы Гедройца), «Бунт незапатрабаванага праху» (прэмія «Гліняны Вялес»).


24 красавіка

Міжнародны дзень салідарнасці моладзі.

1870. У Гродне нарадзіўся Браніслаў Багатырэвіч, адзін з двух ідэнтыфікаваных генералаў Войска польскага, якія былі забітыя падчас катынскага расстрэлу ў 1940 годзе.