БагатаДата 2-8 студзеня
Аднаму з тых, у каго на гэтым тыдні юбілей, мы абавязаныя «Саркафагам» у цэнтры Мінска, але і прыгожым Оперным тэатрам. Хто ён? І хто яшчэ на тыдні святкуе дні народзінаў? Чытайце ў нашым традыцыйным аглядзе.
2 студзеня
1956. У вёсцы Каменка Чачэрскага раёна на Гомельшчыне нарадзілася спявачка (лірычнае сапрана) Валянціна Пархоменка. У 1981-1991 гадах была салісткай Беларускага тэлебачання і радыё, а таксама ансамблю народнай музыкі «Жывіцы». Ад пачатку 1990-х гадоў жыве ў ЗША.
3 студзеняДзень банкаўскіх і фінансавых работнікаў.1941. У вёсцы Харэўшчына Сенненскага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся беларускі дзяржаўны дзеяч, транспартнік Яўген Валадзько. Кіраваў Беларускім прафсаюзам чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў. З 1993 па 1996 год быў начальнікам Беларускай чыгункі. У ягоны гонар названа адна са сталічных вуліц.
4 студзеня1986. У вёсцы Мышанка Петрыкаўскага раёна на Гомельшчыне нарадзіўся спартовец Андрэй Краўчанка (шматбор’е). Чэмпіён Еўропы і сярэбраны медаліст Алімпійскіх гульняў.
5 студзеняДзень работнікаў сацыяльнай абароны.1996. У сяле Абай Карагандзінскай вобласці Казахстана нарадзілася беларуская біятланістка Дынара Алімбекава. Чэмпіёнка Алімпійскіх гульяняў-2018 у эстафеце. У гэтым сезоне стала лідарам не толькі зборнай Беларусі, але і адной з фаварытак Кубку свету (у снежні 2020 года выйграла спрынт на адным з яго этапаў).
6 студзеня1946. У Мінску нарадзіўся архітэктар Анатоль Шабалін. Быў чэмпіёнам Беларусі па шашках сярод юнакоў. Асноўныя працы (у суаўтарстве): Палац Рэспублікі, рэканструкцыя Опернага тэатру, «Мінск-Арэна».
7 студзеняРаство паводле праваслаўнай канфесіі.1946.У Ровенскай вобласці Украіны нарадзіўся савецкі і беларускі вайсковец, намеснік міністра абароны Беларусі Уладзімір Усхопчык. Камандаваў штурмам віленскай тэлевежы 13 студзеня 1991 года, калі загінулі 13 чалавек. Беларусь адмовілася выдаць Усхопчыка Літве для суду. Завочна ў Вільні генерала прысудзілі да 14 гадоў пазбаўлення волі.
8 студзеня1936. У вёсцы Дамашы Маладзечанскага раёна на Міншчыне нарадзіўся гісторык Генадзь Каханоўскі. Ініцыятар стварэння ў 1989 годзе і першы старшыня Беларускага краязнаўчага таварыства.