БагатаДата 2-8 траўня

На тыдні свае прафесійныя святы адзначаць шматлікія «акулы пяра». А таксама палітыкі, пісьменнікі, дзяржаўныя дзеячы. Хто? Чытайце ў нашым аглядзе.

astronomical_observatory_2464182_1280.jpg


2 траўня
Дзень астраноміі.
1935. У вёсцы Варонічы Слонімскага раёна на Гродзеншчыне нарадзіўся акадэмік, доктар фізіка-матэматычных навук Мікалай Аляхновіч. У 1993-2004 гадах — дырэктар Інстытута фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Акадэміі навук.
3 траўня
Сусветны дзень свабоды прэсы.
4 траўня
Міжнародны дзень пажарных.

Геранім Фларыян Радзівіл

Геранім Фларыян Радзівіл

1715. У горадзе Бяла-Падляска (цяпер Польшча) нарадзіўся дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат Геранім Фларыян Радзівіл. Падчашы і вялікі харужы Вялікага княства Літоўскага. Заснаваў тэатр на радзіме і ў Слуцку. Прычым пры ім была акцёрская школа — першая ў Рэчы Паспалітай. Заснаваў у Слуцку мануфактуру па вытворчасці шаўковых паясоў з арнаментам. Меў уласнае 6-тысячнае войска, роўнае па колькасці войску ВКЛ. Пры арміі дзейнічала афіцэрская школа. Геранім Фларыян Радзівіл быў вельмі жорсткай асобай — адпаведна меў і мянушку «Жорсткі». Задушыў Крычаўскае паўстанне. У падзямеллях слуцкага замка заўжды было шмат зняволеных. Меў трох жонак, якіх трымаў практычна пад замком. Нашчадкаў не пакінуў.
1900. У Оршы нарадзіўся беларускі дзяржаўны дзеяч Нічыпар Наталевіч. Выконваў абавязкі старшыні Цэнтральнага выканаўчага камітэту БССР, старшыня прэзідыуму Вярхоўнага Савету БССР, дэпутат Вярхоўнага Савету СССР.
1975. Заснаваны Мінскі інстытут культуры — цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.
5 траўня
Міжнародны дзень барацьбы за правы інвалідаў, а таксама барацьбы з астмай і Дзень акушэркі. Дзень друку ў Беларусі.
1960. У Мінску нарадзіўся палітык Юрась Беленькі, беларускі палітык, дэпутат Мінгарсавету і апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 склікання ў першай палове 1990-х гадоў. Уваходзіў у ценявы ўрад БНФ. Цяпер намеснік старшыні партыі КХП-БНФ.
6 траўня
1940. У вёсцы Шоўкавічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці нарадзіўся пісьменнік Уладзімір Ліпскі. Шмат піша для дзяцей. Галоўны рэдактар дзіцячага часопіса «Вясёлка». Кіраўнік Беларускага дзіцячага фонду. Ініцыятар Усебеларускага фестывалю народнага гумару ў Аўцюках Калінкавіцкага раёна на Гомельшчыне.
7 траўня
Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі ў Беларусі.
8 траўня
Міжнародны дзень Чырвонага Крыжа. Адзін з Дзён замірэння і памяці ахвяр Другой сусветнай вайны, абвешчаных ААН (другі — 9 траўня).
1945. У расійскім Арэнбургу нарадзіўся адзін з заснавальнікаў легендарнага гурта «Песняры» Уладзіслаў Місевіч. Затым ён стаў дырэктарам гурта «Беларускія песняры».
1965. Брэсцкай крэпасці было прысвоена званне «Крэпасць-герой».
1985. У Мінску адбылося адкрыццё стэлы «Мінск — горад-герой».