БагатаДата 24-28 лютага
Сёння споўнілася б 85 гадоў Рыгору Барадуліну. Але і акрамя гадавіны народзінаў слыннага паэта ў нас ёсць што адзначыць і каго ўзгадаць на гэтым тыдні.
24 лютага
Масленіца — пачатак святочнага масленічнага тыдня.
1935. На хутары Верасоўка Ушацкага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся Народны паэт Беларусі, класік беларускай літаратуры Рыгор Барадулін. У 2006 годзе Барадулін быў сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры за зборнік вершаў «Ксты». Ён апошні, каму надалі званне «Народны паэт Беларусі» (у 1992 годзе).
1845. У маёнтку Кацельнікі каля Капыля на Міншчыне нарадзіўся Ян Сільвестр Наркевіч-Ёдка, паўстанец і інжынер-будаўнік. Стрыечны брат прыродазнаўца Якуба Наркевіча-Ёдкі. Актыўна ўдзельнічаў у паўстанні 1863–1864 гадоў. Пасля паразы сасланы ў Сібір. Пасля вызвалення скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт, дзе атрымаў адукацыю будаўніка і хіміка. Эміграваў у ЗША. Там удзельнічаў у адкрытым конкурсе праектаў моста праз Гудзон. Не перамог тады, але пазней спраектаваў і пабудаваў шмат мастоў у Злучаных Штатах.
25 лютага
1905. У вёсцы Міхнавічы Калінкавіцкага раёна на Гомельшчыне нарадзіўся дзяржаўны дзеяч БССР Аляксей Кляшчоў. Адзін з кіраўнікоў партызанскага руху і падполля ў Беларусі падчас Другой сусветнай вайны. У 1948–1953 гадах — старшыня Савета міністраў БССР.
1945. У югаслаўскім горадзе Ягертаў нарадзілася народная артыстка Беларусі Вольга Клебановіч. Служыла ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры, а затым перайшла ў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Горкага ў Мінску, у трупу якога ўваходзіць дагэтуль. Значныя ролі: Сцепаніда ў «Знаку бяды», Вольга ў «Трох сёстрах».
26 лютага
Сусветны дзень няспешнасці.
1940. У вёсцы Суцін Пухавіцкага раёна на Міншчыне нарадзіўся Уладзімір Пузыня, вядомы майстар-рэстаўратар нацыянальных музычных інструментаў і выканаўца на іх. Стваральнік музея такіх інструментаў «Беларуская хатка».
27 лютага
1905. У Варшаве нарадзіўся беларускі жывапісец Міхаіл Сяўрук. Жыў і працаваў у Вільні, а затым да самае смерці ў Нясвіжы. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі і музеях Вільні. У Нясвіжы дзейнічае кватэра-музей мастака.
1990. Вярхоўны Савет СССР выдаў пастанову, паводле якой у краіне ўводзілася пасада прэзідэнта. Першым і апошнім прэзідэнтам СССР быў Міхаіл Гарбачоў.
28 лютага
2010. Створаны Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці — як філіял Нацыянальнага гістарычнага музея.