Легенды беларускіх гарадоў

Ледзь не ў кожнага горада і мястэчка ёсць свая легенда, звязаная з паходжаннем назвы. Як правіла, яны не адпавядаюць навуковым версіям, затое — прыгожыя!

Часцей за ўсё назвы гарадоў паходзілі ад назваў найбліжэйшых рэчак. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Часцей за ўсё назвы гарадоў паходзілі ад назваў найбліжэйшых рэчак. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларускія гарады паўсталі з балот і ад няшчаснага кахання — такія легенды сустракаюцца даволі часта. На самой справе гісторыі з’яўлення беларускіх мясцін не такія і рамантычныя. Некаторыя атрымалі свае назвы ад бліжэйшых рэк ці дзякуючы розным геаграфічным асаблівасцям.

«PALATNO» расказвае некалькі легенд пра паходжанне беларускіх гарадоў і мястэчак.

Нясвіж і паляванне на мядзведзяў

Легенда пра заснаванне Нясвіжа звязана з паляваннем і мядзведзямі. Згодна з ёй, на месцы цяперашняга горада быў густы лес, а побач з ім стаяў панскі маёнтак. Аднойчы паны з таго маёнтка паехалі паляваць на мядзведзяў. Падчас выпраўкі яны апынуліся на балоце і паспрачаліся, хто зможа праз гэтае балота прайсці, а пасля дамовіліся сустрэцца ў маёнтку.

Адзін з паноў пераходзіў праз балота і забіў на ім мядзведзя. Ён вярнуўся ў маёнтак і расказаў пра забітага звера. Паны пайшлі шукаць труп жывёлы, але так і не знайшлі. А ўжо летам адшукалі таго мядзведзя, і адзін з паноў сказаў: «Не свеж». Нібыта з гэтага і пайшла назва Нясвіжа.

А напраўду… Тапонім мае адгідронімнае паходжанне: назва горада з’явілася дзякуючы не лакалізаванай дагэтуль рацэ.


Глядзіце таксама

Менск і мука з камення

На тым месцы, дзе цяпер беларуская сталіца, раней жыў асілак-знахар Менеск. Ён пабудаваў на Свіслачы каменны млын на сем колаў. Ніхто Менеска ніколі не бачыў, але пра яго складалі ўсялякія фантастычныя гісторыі.

Лічыцца, што на млыне Менеска муку малолі не з жыта, а з камення. Ля млына па начах чулі крыкі, песні і музыку.

Насамрэч жа… Назва горада, паводле версіі большасці даследчыкаў, пайшла ад назвы невялікай ракі Менкі.

Магіла льва

Самая трагічная легенда пра заснаванне горада звязана з Магілёвам. Яна мае некалькі варыяцый, але згодна з кожнай хлопец па імені Машэка стаў разбойнікам з-за няшчаснага кахання. Ён шмат гадоў рабаваў на тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца Магілёў.

Паводле першай версіі, Машэка закахаўся ў Прадславу, але выпадкова забіў яе брата: ён думаў, што гэта яе палюбоўнік. Праз шмат гадоў яны сустрэліся, калі Машэка чарговы раз займаўся рабаваннем. Прадслава расказала, што той забіў яе брата, але яна яму прабачыла. На самой справе Прадслава планавала забіць Машэку, каб адпомсціць яму. Калі той заснуў, яна ўдарыла яго нажом у горла. Падручныя Машэкі закапалі жанчыну жыўцом разам з яго трупам. Тое месца, дзе іх закапалі, назвалі Магілай Льва.


Глядзіце таксама

Паводле іншай версіі, каханая Машэкі таксама яго забіла з помсты, але выжыла.

А на самой справе… Існуюць розныя тэорыі, якія звязваюць назву горада з канкрэтнымі гістарычнымі асобамі. Відавочна тое, што тапонім мае патранамічнае паходжанне і ўтварыўся ад славянскай асновы — «магіла».

Бяроста на балотах

Паводле легенды, купец вёз свой тавар праз балоты на месцы сучаснага Брэста (ці Берасця). Ён захрас у балоцістай мясцовасці, а каб выбрацца, стаў абдзіраць бяросту і засцілаць ёй дарогу.

Калі купец вяртаўся назад, то пабудаваў на тым месцы каплічку. Затым да той каплічкі сталі прыходзіць людзі. Яны зразумелі, што месца было лёгка ўмацаваць ад ворагаў, таму і сталі на тым месцы жыць.

А напраўду… Хутчэй за ўсё, назва сапраўды пайшла ад слова «берасць».

Мелкая рака і Гомель

З Гомелем зусім простая гісторыя: пасярод Сожа колісь было намыта шмат пяску. Таму там стаяў чалавек і папярэджваў плыты і баркі, каб тыя не ўзбіваліся на мель, воклічам:

— Го! Мель! Го! Мель!

А насамрэч… Гэтая легенда з’явілася даволі позна — толькі ў дваццатым стагоддзі. А вось даследчыкі мяркуюць, што горад атрымаў назву ад апісання мясцовага рэльефу — «гом» (узвышша над нізінай).

Браслаў

Жылі-былі князь Дзвін і князёўна Друя. У іх нарадзілася дачка Дрыва. Дрыва падрасла, і да яе сваталіся князі, але ёй ніхто не падабаўся. Тады пскоўскі Сноў, лукомльскі Снуд і полацкі Брас пачалі змагацца за сэрца маладой князёўны. Сноў і Снуд таемна забілі Браса, пачалі біцца адзін супраць аднаго — і загінулі ад ран.

Пасля смерці Снова і Снуда высветлілася, што яны забілі толькі слугу Браса. Брас пайшоў да Дзвіна, каб той аддаў яму дачку: ці добраахвотна, ці ён забярэ дзяўчыну сілай. Дрыва кінулася ў раку і загінула, смерць дачкі не перажылі яе бацькі. А Брас забраў княжацкі замак сабе і даў імя гораду — Браслаў.

А на самой справе… Паходжанне тапоніма Браслаў звязваюць з імем полацкага князя Брачыслава. Некаторыя навукоўцы прытрымліваюцца меркавання, што Браслаў існаваў і раней, да Брачыслава, а назва горада мае балцкую аснову і пайшла ад слова, якое азначае «брод».

Івянец

Як і ў гісторыі з Брэстам, усё пачалося з балота… Вельмі багатая княгіня ехала праз будучы Івянец і захрасла ў балоцістай мясцовасці. Жанчына думала, што памрэ там, але ўбачыла дзяўчыну, якая пляла вянок. Княгіня папрасіла ў яе дапамогі, але тая згадзілася дапамагчы толькі пры ўмове, што яна заселіць тую мясцовасць людзьмі.


Глядзіце таксама

У выніку коні вылезлі з балота, а адзінай праблемай была толькі назва будучага мястэчка. Дзяўчына сказала, што горад трэба назваць Івянцом, бо яна пляла вянок.

Клімавічы

Легенда пра Клімавічы таксама пачынаецца ў балоце. Праз тую мясцовасць ехалі паны, якія там і захраслі. На дапамогу ім прыйшоў селянін Клім — так нібыта і паўсталі Клімавічы.

Лунінец

Згодна з легендай, побач з месцам, дзе ўзнік Лунінец, было сяло Лунін. Неяк адзін з жыхароў Луніна вырашыў аддзяліцца і пасяліцца ў новым месцы. У хуткім часе тое месца празвалі Лунінцом, бо там жыў лунінец (чалавек з Луніна).

Стоўбцы

Паводле легенды, на месцы будучых Стоўбцаў некалі быў густы лес. Князь пабудаваў там манастыр, у якім жылі манахі. У адзін год манахі загінулі ад чумы, а манастыр запусцеў і разбурыўся. На тым месцы ўкапалі тры стаўпцы, каб людзі ведалі, што там нельга сяліцца.

Прайшоў час, і людзі пачалі засяляць тую мясцовасць, а затым знайшлі гэтыя стаўпцы — і назвалі так горад.

А напраўду… Географ Вадзім Жучкевіч мяркуе, што тапонім быў назвай-арыенцірам: стаўпамі раней пазначалі дарогі.

Узда

Ёсць дзве легенды, чаму Узду назвалі Уздой. Паводле першай, пасля адной з бітваў супраць татараў атаман уцякаў з поля бою, але яго дагналі нашы продкі і паранілі. Калі ён падаў з сядла, то ўхапіўся за ўзду свайго каня.

А паводле другой легенды, таксама звязанай са збруяй, на месцы цяперашняга горада цар згубіў залатую ўзду. Яго слуга ездзіў туды-сюды, але так і не змог адшукаць яе. Адзін з вандроўнікаў убачыў слугу і запытаўся, што той шукае. Слуга і адказаў, што ўзду.

А насамрэч… Тапонім утварыўся ад назвы ракі Уздзянка.