Над Старым замкам у Гродне згушчаюцца хмары?
Гарадзенскі Стары замак — ці не апошняя цвярдыня, якая пакуль не далася беларускім рэстаўратарам. Тым не менш, за яе ўжо ўзяліся.
З аднаго боку, факт
пазітыўны — нарэшце замак Баторыя атрымае новае жыццё. З іншага — ёсць
падводныя камяні ў праекце, якія могуць істотна нашкодзіць помніку… Але шанец
усё выправіць — яшчэ ёсць.
7 красавіка адбылася знакавая ў найноўшай гісторыі Старога замку падзея: прайшла Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкульце. За доўгай назвай хаваецца важны факт: праект рэканструкцыі помніка паводле канцэпцыі Уладзіміра Бачкова фактычна зацвердзілі, хай і з невялікімі праўкамі.
Пра нюансы, звязаныя з праектам, «Новы Час» ужо пісаў на пачатку года. У гісторыкаў ды архітэктараў ён выклікае шэраг нараканняў. Ёсць вялікая верагоднасць, што дзяржаўныя сродкі будуць выдаткаваныя на памылковыя канцэпцыі і высновы аўтара, а пэўныя моманты пасля ўсё адно давядзецца перарабляць: як у выпадку з вежай-цыбулінай на палацы ў Нясвіжы.
Каб разабрацца ў сітуацыі, мы звярнуліся да гісторыка Мікалая Волкава, які ўжо не першы год вывучае Стары замак у Гродне. Паколькі слова на нарадзе 7 красавіка яму так і не далі, наша газета дае магчымасць навукоўцу выказаць сваё, альтэрнатыўнае афіцыйнаму, меркаванне.
«Рэстаўрацыя заканчваецца там, дзе пачынаецца гіпотэза»
— Спадар Мікалай, распавядзіце падрабязней пра нараду, дзе вы прысутнічалі, але так і не выступілі. Як гэта было?
— Простымі словамі, рада пры Мінкульце мела даць згоду на пачатак працаў у замку. Кіруе радай намеснік міністра Аляксандр Яцко, уваходзяць туды рознага роду спецыялісты: былы міністр культуры А. Бутэвіч, дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ А. Сардараў, архітэктар С. Багласаў і іншыя. Бачкоў там прапанаваў свой стары праект, без аніякіх зменаў і дапрацовак. Казаў шмат разумных словаў, але не па тэме. Слухаеш і думаеш: «Які разумны чалавек!» Калі пачынаеш аналізаваць: поўная лухта…
Галоўны спецыяліст упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны А. Бандарэнка выступіў крытычна, але яму далі літаральна пару хвілін. Напачатку, дарэчы, ён працытаваў галоўны прынцып вядомай у асяроддзі рэстаўратараў Венецыянскай хартыі: «Рэстаўрацыя заканчваецца там, дзе пачынаецца гіпотэза». Але тое, што яны збіраюцца зрабіць, — гэта суцэльная гіпотэза, прычым гіпотэза, якая грунтуецца не на крыніцах, а выключна на бачанні Бачкова! Адзіныя нараканні з боку ўдзельнікаў рады тычыліся формы купала над уязной вежай: паводле Бачкова ён павінен быць значных памераў і цалкам сферычны, таму многія яго ўжо празвалі «планетарыем».
— Іншых нараканняў не было?
— Наконт будаўніцтва фантастычнай камяніцы з боку Нёмана, надбудовы паверхаў на вежах і галерэях, якіх насамрэч ніколі не было, ды руйнавання аўтэнтычных частак, сапраўды, нараканняў не было. У выніку і канчатковай згоды не было, праект адправілі на дапрацоўку. Але чаму? Толькі з-за формы купалу. Рэшта праекту ўсіх задаволіла.
Насамрэч, прыняць нейкае рашэнне радзе не так і проста. Якой бы кампетэнцыяй ні валодалі людзі, якія там засядаюць, яны не могуць «з ходу» ацаніць праект. Тут патрэбная граматная экспертыза з боку спецыялістаў: архітэктараў, мастацтвазнаўцаў, гісторыкаў. Гэтага не было зроблена, таму Бачкоў і можа «ляпіць» усё, што заўгодна. А экспертызу ён падмяняе рознымі ўзгадненнямі з чыноўнікамі і гэтым хваліцца, нібыта праект «ухвалены». Але што можа зразумець чыноўнік, калі нават рада не ў стане на адным пасяджэнні вынесці заключэнне?
«Божа, што за ідыёцкая цыбуліна!»
— Вы казалі пра купал… Наколькі важная ягоная форма?
— Справа ў тым, што форму купала, калі што, можна будзе перарабіць. Падобная гісторыя адносна нядаўна ўжо была: у Нясвіжы. Смешна, але там таксама працаваў… Бачкоў! Тады над галоўнай вежай палацу паставілі фантастычны купал-макаўку. Але з візітам у Нясвіж прыехала Альжбета Радзівіл, нашчадак магнацкага роду, ды задала пытанне: «Божа, што за ідыёцкая цыбуліна!» Здарыўся скандал, купал давялося перарабляць.
Калі ж казаць пра разбурэнне старых муроў альбо дабудову новых будынкаў там, дзе іх ніколі не было, — гэта ўжо незваротныя страты. У першым выпадку для архітэктурнага аблічча замку, у другім — для археалогіі. У дадатак да гэтага, маштабнае будаўніцтва можа выклікаць апаўзання замкавай гары.
— Можна больш падрабязна?
— Згодна праекту Бачкова, трэба разабраць другі паверх прыбудовы ў браме, які, нібыта, не ўпісваецца ў канцэпцыю «замка Баторыя». Вельмі проста могуць таксама разабраць галерэю, якая вядзе да брамнай вежы, і скласці яе наноў. Паводле таго ж плану будзе дабудаваны яшчэ адзін паверх брамнай вежы ды, адпаведна, паверх галерэі: то бок, аўтэнтычны калідор галерэі будзе знішчаны.
Гэта фальсіфікацыя вобразу. Яны падмяняюць Замак Баторыя на «Замак Баторыя, якім ён мог бы быць». Бачкоў гэта любіць называць «завершанай канцэпцыяй Баторыя аўтарства архітэктара Санці Гучы», фактычна, прызнаючы, што ён бярэ на сябе ролю тагачасных архітэктараў. Як архітэктар ён з дапамогай метаду прапорцыяў будуе свае фантазіі — паветраныя замкі.
Адзначу таксама, што дакладна не вядома, хто складаў архітэктурны праект замка, і на цяперашні момант большасць крыніц указваюць на Скота з Пармы. Таму высакапарныя разважанні Бачкова пра тое, якім Гучы хацеў бачыць замак, выглядаюць камічна.
Што «мерылі» ў «мернай ізбе»?
— На якія гістарычныя сведчанні, усё ж такі, абапіраецца Бачкоў?
— Ягоная галоўная крыніца — гэта гравюра Макоўскага, створаная каля 1600 года. Прычым, часам ён ёй верыць, а часам, калі зручна, — не верыць. Фактычна, гравюру ён дапасоўвае да сваёй асабістай «сістэмы прапорцыяў». Рэшта крыніцаў (планы, інвентарныя апісанні) ім цалкам ігнаруецца. Адна з прычын гэтага — банальнае няведанне нямецкай і польскай моваў.
Напрыклад, каб чытаць тагачасныя замкавыя інвентары, трэба ведаць польскую мову. Ён яе не ведае — яму перакладаюць, і тое з памылкамі. Забаўны прыклад: у інвентары ёсць згадка пра «мерную ізбу». Бачкоў з гэтага робіць выснову, што там нешта мералі. Ён ужо, напэўна, прыдумаў, якія вагі туды паставіць… Насамрэч, «мерная ізба», калі зірнуць нават у слоўнік ХІХ стагоддзя, — гэта жылы пакой сярэдняга памеру. Іншымі словамі, да паўднёвай сцяны Старога замка быў прыстаўлены драўляны будынак, у якім было дзве «мерныя ізбы», ці пакоі, якія прызначаліся для пражывання служак.
— То бок поўная некампетэнтнасць у гістарычных пытаннях?..
— На жаль, так. Адкуль на брамнай вежы ўзяўся трэці паверх? Яны прачыталі міжваенную працу Яраслава Вайцэхоўскага пра замак, якая, на той час, была вяршыняй даследаванняў, але зараз ужо безнадзейна састарэла. Там было напісана пра тры паверх брамнай вежы, але гэта памылка аўтара. Вайцэхоўскі прачытаў у нямецкай крыніцы пра «два паверхі», і памылкова палічыў, што гэтыя два паверхі лічыліся без уліку т. зв. партэра, ці першага паверху ад узроўню зямлі, як гэта цяпер робіцца ў Заходняй Еўропе і Польшчы. Такім чынам, першапачаткова паверхаў, нібыта, было тры — насамрэч, два. Але Бачкоў паўтарае чужыя памылкі…
Яшчэ адзін прыклад: пры вежы, якая выходзіць у бок Нёмна, на гравюры Макоўскага бачная прыбудова. Бачкоў робіць выснову, што гэта здаравенны будынак побач, які трэба аднаўляць. Насамрэч, гэта знешняя лесвіца, якая вяла ў вежу, якая была зусім невялікай па габарытах. Яшчэ польскія археолагі выявілі падмуркі гэтай лесвічнай клеткі. Бачкоў жа хоча бачыць на гэтым месцы вялізны гмах.
Дарма, што археолагі даследавалі гэты ўчастак і не знайшлі значных падмуркаў. Што робіць Бачкоў? Кажа, што гэта быў фахверк (будынак з нясучай драўлянай канструкцыяй)! Але ж фахверк — гэта фармат гаспадарчых пабудоваў, а не каралеўскіх рэзідэнцыяў… Поўная несумяшчальнасць. Затым, ён працягвае думку, маўляў, навошта будаваць фахверк (прыдуманы ім жа), давайце мураваны будынак! Такім чынам, «элегантна» выходзіць на выдуманы гмах, якога не існавала ў прынцыпе.
«Баюся, што вежа спаўзе ў Нёман…»
— Як я зразумеў, ёсць яшчэ і пытанне наконт замкавай гары, якая можа наўпрост спаўзці…
— Я гісторык, геадэзіяй не займаюся, але ёсць факт: на працягу чатырох стагоддзяў гара спаўзала. Такім самым чынам зусім побач, на суседнім з замкам узгорку, паўтара стагоддзі таму абрынулася частка Каложскай царквы. То бок, негатыўны прэцэдэнт ужо ёсць. І зараз, на тым месцы, якое ўвесь час апаўзала, яны збіраюцца будаваць агромністую вежу і сцены!
Я вельмі баюся, што яны атрымаюць і засвояць грошы, панабудоўваюць усяго, а вежа наўпрост спаўзе ў Нёман. І не проста спаўзе: пацягне за сабой аўтэнтычныя старыя фрагменты сцяны — у мурах пойдуць трэшчыны. Калі ж яны будуць умацоўваць падмуркі вежы тоннамі бетону, то знішчаць усю археалогію навокал — такое вось замкнёнае кола.
— Вы кажаце пра «замкнёнае кола», але ці існуе для замку нейкі пазітыўны сцэнар?
— Самае важнае, на мой погляд, гэта знайсці магчымасці для ўмацавання аўтэнтычных сцен замка, у прыватнасці брамы, умацаваць замкавы пагорак. Стан брамнай вежы і прыбудовы да яе зараз сапраўды цяжкі, па іх ужо пайшлі трэшчыны. На схіле Нёмана наогул нічога не варта было б будаваць — гэта вельмі рызыкоўна.
Навошта рабіць грандыёзныя навабуды на схіле, калі мы маем стары палац і браму, хай і ў цяжкім стане, але над якімі можна і варта працаваць? Іх можна рэстаўраваць, зрабіць там якасныя і гістарычна абаснаваныя інтэр’еры — гэта ж значна важней! Мой варыянт: аднавіць палац Баторыя і брамную вежу, а руіны сцяны — хай застануцца руінамі, гэта таксама гісторыя і непаўторная эстэтыка. Гэта куды больш бюджэтны і гістарычна апраўданы варыянт.