Неўзабаве блаславёны беларускай зямлі

Планаваў стаць аптэкарам, але паступіў у семінарыю, дапамагаў прастытутцы, лічыўся святым пры жыцці. 8 фактаў пра Мельхіёра Фардона да яго 160-годдзя.

Мельхіёр Фардон

Мельхіёр Фардон

Восем фактаў пра самага вядома пробашча Францысканскага касцёла ў Гродне назбіраў Telegram-канал «Hrodna 11:27».

Бацька Фардона быў архітэктарам і распрацоўваў праекты храмаў

Мельхіёр Фардон (спраўднае імя Юзаф Фардон) нарадзіўся ў сям’і архітэктара Якуба Фардона. Той працаваў памочнікам гродзенскага губернскага архітэктара і рабіў праекты храмаў на Гродзеншчыне, Брэстчыне, а таксама Падляшшы.
Сярод прац Якуба Фардона: праект касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла ў мястэчку Гожа, праект Свята-Аляксандра-Неўскай царквы ў Верцялішках, праект Свята-Мікалаеўскай царквы ў Вялікай Бераставіцы, а таксама праект моста праз Нёман у Гродне 1832 года, але ён не захаваўся.
У 1876 годзе Якуб Фардон балаціраваўся на пасаду гродзенскага гарадскога архітэктара, але прайграў стацкаму саветніку Івану Калянкевічу.  

Здаў іспыты на аптэкара, але перадумаў і паступіў у семінарыю

У дзяцінстве Юзаф Фардон наведваў імшу ў Пабернардынскім касцёле. Пазней здаў аптэкарскі іспыт, але ў выніку перадумаў і паведаміў бацькам, што вырашыў паступіць у духоўную семінарыю. Скончыўшы навучанне ў Віленскай дыяцэзіяльнай семінарыі, у 1887 годзе ў Коўне Юзаф атрымаў пасвячэнне ў святары.

Змяніў імя на Мельхіёр у 50 гадоў

Маючы за плячыма 20 гадоў служэння, Фардон вырашыў пайсці па слядах святога Францыска Асізскага і ў 1910 годзе ўступіў у ордэн францысканцаў. Ксёндз Юзаф склаў манаскія абяцанні і атрымаў новае імя Мельхіёр. У якасці манаха ордэна францысканцаў увесь час служыў у парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне.

Мог спавядаць людзей больш за 12 гадзін

Францысканскі касцёл у Гродне, дзе служыў Мельхіёр Фардон

Францысканскі касцёл у Гродне, дзе служыў Мельхіёр Фардон

У сваёй дзейнасці Мельхіёр Фардон надаваў вялікае значэнне сакраманту споведзі. Час ад часу было такое, што святар прыходзіў у канфесіянал а 5-й гадзіне раніцы і выходзіў толькі пасля 8-й вечара. У вольныя хвіліны, пакуль чакаў людзей, чытаў кнігі і маліўся.
Некаторыя вернікі бачылі ў Фардоне добрага духоўнага настаўніка. Яны прыязджалі ў Гродна да яго на споведзь з іншых парафій.

Перавязваў сцёртыя ногі паломнікам

Падчас пілігрымак айцец-францысканец перавязваў сцёртыя ногі паломнікам. Акрамя гэтага, Фардон адмаўляўся ад транспарту і ўсюды хадзіў пешшу. Калі на сваім шляху сустракаў валацугу ці жабрака, то аддаваў яму свой абутак.
Калі Фардон даведаўся, што жанчына, якая займалася прастытуцыяй, пакутуе ад тыфу, а побач няма чалавека, які б захацеў ёй дапамагчы, Фардон узяў хворую пад сваю асабістую апеку. Ён прыбіраў у пакоі жанчыны і забяспечваў яе лекамі. Дзякуючы гэтаму хвароба адступіла.
Таксама вядома гісторыя пра мужчыну, які не мог супрацьстаяць спакусе красці. З-за гэтага яго ніхто не хацеў браць да сябе на працу. Фардон стаў адзіным, хто даверыўся гэтаму чалавеку і запрасіў яго служыць у святыні касцельным наглядчыкам.

Яшчэ пры жыцці яго лічылі святым

Адна сямейная пара, абіраючы імя для свайго дзіцяці, вырашыла ахрысціць яго Фардонам, у гонар свайго пробашча. Калі Мельхіёр Фардон пра гэта даведаўся, то сказаў, што гэта не імя, а прозвішча. Маўляў, няма такога імя і няма такога святога, у гонар якога можна назваць дзіця. Але пара адказала, што для іх ён святы.

Выратаваў гродзенскіх пажарных

Самае вядомае здарэнне, пасля якога Фардон атрымаў асаблівую пашану, — выратаванне ад смерці гродзенскіх пажарных. Гэта адбылося ў 1915 годзе, падчас Першай Сусветнай вайны. Нямецкія салдаты абвінавацілі пажарных у шпіянажы, бо яны, нібыта, падавалі з пажарнай вежы сігналы рускай арміі, калі тая адступала. 13 чалавек прыгаварылі да расстрэлу.
Калі абвінавачаных прывялі на могілкі каля кляштара і паставілі тварам да сцяны, Мельхіёр Фардон падышоў да нямецкіх салдат і, пацалаваўшы ім рукі, папрасіў, каб замест пажарных расстралялі яго.
Немцы адмянілі загад, пажарныя вернуліся да працы і аб’явілі Фардона сваім вечным ганаровым членам і капеланам. У музеі гродзенскай пажарнай службы размешчаны партрэт Фардона, а ў экспазіцыі прадстаўлены яго асабістыя рэчы.

Адразу пасля смерці лічыўся кандыдатам на бласлаўлёнага

Мельхіёр Фардон памёр у лютым 1927 года, бо хварэў на сухоты. На пахаванне святара прыйшлі некалькі тысяч чалавек. Труну з целам Фардона неслі пажарныя. Яго пахавалі на пабернардынскіх могілках.
Айцец Фардон адразу пасля смерці лічыўся кандыдатам на блаславёнага Каталіцкага касцёла. Працэс прызнання яго заслуг касцёлам пачаўся ў 1997 годзе і цягнецца дагэтуль. Прызнанне яго спачатку Слугой Божым, а потым Вялебным Слугой Божым — важныя этапы гэтага працэсу.

fardon_3.jpg

Труна Мельхіёра Фардона ў касцёле Маці Божай Анёльскай. Крыніца: msj.by
У 2003 годзе яго рэшткі ўрачыста перанеслі ў касцёл Маці Божай Анёльскай, дзе ён служыў. У 2018 годзе Папа Рымскі Францішак выдаў дэкрэт аб распачацці беатыфікацыйнага працэсу. У дакуменце Папа прызнаў гераічнасць манаха, пацвердзіў яго заслугі перад Богам і людзьмі.