Светлы і ўзнёслы мастак Міхась Рагалевіч

16 верасня споўнілася 40 дзён, як пакінуў гэты свет выбітны беларускі мастак Міхась Вікенцьевіч Рагалевіч (1932–2010). Менавіта ў гэты дзень намаганнямі экспазіцыянераў Таццяны Гаранскай і Віктара Маркаўца пры падтрымцы «Прыорбанку» ў фальварку «Добрыя мыслі», што на вул. Магілёўскай, 12 у Мінску, адчынілася выстава работ Рагалевіча і адбылася прысвечаная яго творчасці дыскусія. Яе ўдзельнікі параўноўвалі лёс Рагалевіча з лёсам Ван Гога: па драматызме, напружанасці духоўнай і стылёвай блізкасці, нарэшце, па познім прызнанні заслуг абодвух творцаў.



f231f2107df69eab0a3862d50018a9b2.JPG

(На выяве: Міхась Рагалевіч «Бабіна Лета», 1998)


Мала сказаць, што лёс не песціў мастака. Калі хлопчыку быў год, НКУС арыштаваў і расстраляў яго бацьку і старэйшага брата Франака за адзіную правіну — заможны стан шляхецкай сям’і Рагалевічаў, якая пры Саветах займалася ўласнай гаспадаркай на зямлі ў вёсцы Глінішчы на Уздзеншчыне. У 1937 годзе ў вагоне-цяплушцы паехала на поўнач маці, каб, вярнуўшыся праз 10 гадоў, быць зноў арыштаванай, сасланай у 1948 годзе ў Сібір, дзе і памерла ў 1949-м.
Будучы мастак правёў першыя гады жыцця ў дзіцячым доме, спачатку савецкім, потым нямецкім, здаючы кроў па нялюдскай праграме нацысцкага дзіцячага донарства. Пасля вайны мусіў з 15 гадоў сам зарабляць на жыццё. У хуткім часе перабраўся ў Мінск і пасля фабрычна-завадской вучэльні прыйшоў у ліцейку МАЗа, да пякельнага агню вялізных печаў. Затым было войска (1951–1953), 9-месячныя курсы экскаватаршчыка, зноў праца, і толькі з 1959-га — Мінская мастацкая вучэльня.
Вучнёўскія работы з цвёрдым, дакладным мужчынскім малюнкам, якія Таццяна Гаранская прадэманстравала на прэзентацыі, абвяргаюць закіды, што спелы стыль мастака са стылізацыяй пад народны прымітыў або народныя іконы — вынік недастатковай адукацыі: гэта свядомы і тонкі прыём. Як і напружаны колер, экспрэсія фарбы, якія ідуць ад захаплення ў маладыя гады Ван Гогам, постімпрэсіянізмам, экспрэсіянізмам, авангардным мастацтвам пачатку ХХ стагоддзя. Усе гэтыя прыёмы — з набору «фішак» элітарнай мастацкай моладзі 1960-х. Але тое, што вылучае творчасць Рагалевіча, насуперак зімовай прахалодзе яго лёсу — святло і амаль заўсёды блакітнае неба ў яго палотнах. Ён заўжды заставаўся светлым і ўзнёслым, хоць, як кажуць яго блізкія сябры, трошкі замкнёным і надзвычай ранімым.
Галоўная тэма гэтага «сапраўднага народнага мастака» (Т. Гаранская) — яблыні ў квецені, яго фірмовы мастакоўскі вобраз, што прайшоў праз усё творчае жыццё. «Хацеў бы я, каб мяне прыгадвалі па такім паэтычным вобразе — веснавых яблынях. Як Ван Гога па яго «Сланечніках», — заўважыў на адкрыцці выставы сакратар Саюза мастакоў, паэт і мастак Рыгор Сітніца. Невыпадкова Рагалевіч, улюбёны ў паэзію Багдановіча, сваімі творамі натхняў іншых паэтаў. Яму прысвяціў некалькі вершаў Рыгор Барадулін («Божа, душу памяні…» і іншыя).
Яшчэ адна тэма — сям’я, цёплыя і верныя чалавечыя адносіны. З адбіткам уласнага знаку бяды — тэмы ссылкі ў савецкія лагеры, як на карціне «Арышт». «Памяць незагойнай ранай баліць да гэтых дзён», — напісаў мастак у аўтабіяграфіі праз дзесяцігоддзі пасля трагічных падзей). Ён быў першым з беларускіх жывапісцаў, хто ў сярэдзіне 1960-х асмеліўся выставіць творы, прысвечаныя жаху сталінскіх рэпрэсій адкрыта — на выставах у Палацы мастацтва. Ці трэба тлумачыць, што ўлады так і не «палюбілі» мастака пры жыцці, нават у 2000-я гады? Нейкі ён быў няправільны — ні сацыялістычны, ні нацыяналістычны. Тэмы творчасці — толькі агульначалавечыя каштоўнасці.
Прыкладам — краявіды і нацюрморты з кветкамі. Каханне, з вобразамі маладых, што ўзносяцца над зямлёй на кані — гэты казачна-фантастычны сюжэт запазычылі ў Рагалевіча іншыя мастакі Беларусі. Проста жыццё: ягоная знакамітая, шмат разоў рэпрадукаваная «Першакласніца» з букетам. Праводзіны і сустрэча з войска сына. Шмат партрэтаў таленавітых беларускіх фізікаў — яго першая майстэрня месцілася ў Інстытуце фізікі АН БССР, дзе ён працаваў проста афарміцелем.
Прысутныя на прэзентацыі выставы пагадзіліся: як у Ларысы Геніюш, жаночага сімвала трагічнай гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя, у Рагалевіча і яго спадчыны ёсць наканаванне з гадамі ўздымацца і ўздымацца ў прызнанні і любові нашчадкаў. Таму Таццяна Гаранская, чыёй энергіі ў арганізацыі знакавых выстаў не перастаеш здзіўляцца, паабяцала: калектыўнымі намаганнямі будзе скончаны і выдадзены вялікі альбом твораў майстра. Пройдуць больш шырокія паказы яго карцін, прысвечаныя яму спецыяльныя чытанні. Хай гэта спраўдзіцца.