IAAF мяркуе, што Іван Ціхан не павінен быць кіраўніком БФЛА
Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі (IAAF) выступіла з рэзкай крытыкай абрання кіраўніком Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі (БФЛА) Івана Ціхана.

Падставай для негатыўнай рэакцыі стала тая акалічнасць, што Івана Ціхана ў свой час пазбавілі сярэбранага медаля Алімпіяды-2004 пасля таго, як у 2012 годзе яго паўторны тэст паказаў сляды анабалічных стэроідаў. У Ціхана забралі таксама залатыя медалі чэмпіянату свету 2005 года і чэмпіянату Еўропы 2006 года.
«Ніводзін чалавек, які адбыў допінгавую дыскваліфікацыю, не павінен займаць кіроўную пасаду ў структурах сусветнай лёгкай атлетыкі», — прыводзіць «Inside the Games» словы прэс-аташэ IAAF.
24 верасня ў Мінску прайшла пазачарговая канферэнцыя Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Новым старшынёй БФЛА быў абраны Іван Ціхан. На гэтай пасадзе ён змяніў іншага вядомага малатабойца і дэпутата Вадзіма Дзевятоўскага, які ўзначальваў федэрацыю з 2014 года.
Дзевятоўскі патлумачыў сваю прычыну сыходу тым, што «арганізм даў збой», і яму неабходна аднаўленне.«Гэта вымушаная мера. Але мне не хочацца, каб зададзены тэмп спыняўся».