Латвія забараніла сваім спартсменам і камандам удзельнічаць у спаборніцтвах у Беларусі і Расіі
Парламент Латвіі забараніў латвійскім спартсменам і камандам удзельнічаць у спаборніцтвах, якія праводзяцца на тэрыторыі Беларусі і Расіі.
Акрамя таго, новы закон забараняе латвійцам і камандам, зарэгістраваным у Латвіі, удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, палова і больш удзельнікаў якіх складаюць прадстаўнікі Беларусі і Расіі. Тыя, хто парушае гэтую забарону, не будуць запрашацца ў нацыянальныя зборныя Латвіі, а таксама не змогуць атрымліваць сродкі з дзяржаўнага або мясцовага бюджэту для пакрыцця выдаткаў на трэніроўкі або спаборніцтвы.
Закон таксама забараняе спартыўным арганізацыям, зарэгістраваным у Латвіі, латвійскім спартсменам і спартыўным спецыялістам супрацоўнічаць са спартыўнымі агентамі з Расіі і Беларусі. У сваю чаргу, члены выканаўчых органаў спартыўных федэрацый павінны быць грамадзянамі Латвійскай Рэспублікі, паведамляе сайт Сейма.