На Алімпіяду-2022 збіраюцца 28 беларускіх атлетаў. Кіраўніка НАК Віктара Лукашэнкі ў Пекіне не будзе?
17 студзеня на пасяджэнні выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь зацверджаны склад спартыўнай дэлегацыі на XXIV зімовыя Алімпійскія Гульні ў Пекіне.

Як паведамляе НАК, кваліфікацыйныя патрабаванні для ўдзелу ў стартах «белай»
Алімпіяды, на сённяшні дзень, выканалі 28 беларускіх атлетаў у 6 відах спорту.
Спіс спартоўцаў на Гульні ў Пекін:
біятлон — Дзінара Алімбекава, Ганна Сола, Ірына Лешчанка, Ірына Кручынкіна, Алена Кручынкіна, Антон Смольскі, Максім Верабей, Мікіта Лабастаў, Дзмітрый Лазоўскі, Раман Елятноў;
гарналыжны спорт — Марыя Шканава;
канькабежны спорт — Ігнат Галавацюк, Марына Зуева, Кацярына Слоева, Ганна Ніфантава, Яўгена Вараб'ёва;
лыжныя гонкі — Анастасія Кірылава, Ганна Каралёва, Аляксандр Воранаў, Ягор Шпунтоў;
фігурнае катанне — Вікторыя Сафонава, Канстанцін Мілюкоў;
фрыстайл — Ганна Гуськова; Ганна Дзяруга, Станіслаў Гладчанка, Максім Гусцік, Павел Дзік, Макар Мітрафанаў.
Пры гэтым, паведамляецца, у складзе яшчэ могуць быць кропкавыя змены.
Шэфам місіі алімпійскай каманды Беларусі на XXIV зімовыя
Алімпійскія Гульні ў Пекіне зацверджаны дырэктар установы «Рэспубліканскі цэнтр
алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы» Аляксандр Гагіеў.
Як адзначаецца ў медыя, кіраўнік Нацыянальнага Алімпійскага камітэту ў Пекін не збіраецца. Імаверна, гэта звязана з тым, што ён знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі і не прызнаны МАК у якасці прэзідэнта беларускага НАК.