У ноч на суботу ў Мінску загінуў вядомы беларускі фрыстайліст Максім Гусцік

Былы ўдзельнік нацыянальнай зборнай, апошнім часам ён працаваў трэнерам.

gustik_3.jpg

Трагічна загінуў былы фрыстайліст зборнай Беларусі і старшы трэнер нацыянальнай каманды па фрыстайле Максім Гусцік. Пра гэта паведаміла група ва «УКантакце» «Аквапарк «Фрыстайл».

Максіму Гусціку было 35 гадоў. Падрабязнасці трагедыі спачатку не паведамляліся, але потым сталі вядомыя.

Як даведалася «Трыбуна», прычынай смерці спартсмена стала дарожна-транспартнае здарэнне ў Мінску ў ноч на суботу, 9 снежня.

Паводле нааяўнай інфармацыі, 35-гадовы старшы трэнер зборнай Беларусі па фрыстайле загінуў пасля таго, як яго збіла машына.

Выданне таксама звярнула ўвагу на рэліз УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама, у якім паведамлялася аб смяротным ДТЗ на праспекце Пушкіна.

Трагедыя адбылася каля 01:30. 33-гадовы кіроўца Skoda ехаў у напрамку вуліцы Матусевіча і збіў пешахода, які знаходзіўся на праезнай частцы. «Ад атрыманых траўмаў 35- гадовы мужчына памёр на месцы здарэння», — гаворыцца ў прэс-рэлізе ДАІ. Іншыя падрабязнасці не прыводзяцца.


Месца трагедыі

Месца трагедыі

Максім Гусцік скончыў спартыўную кар’еру пасля Алімпійскіх гульняў 2022 года, дзе заняў 20 месца. У 2006 і 2007 гадах ён выйграваў моладзевыя чэмпіянаты свету.

На Кубку свету беларус дэбютаваў 1 сакавіка 2008 года ў Маскве, дзе заняў 10-е месца, набраўшы такім чынам і першыя ачкі ў кар'еры. У 2011 годзе дэбютаваў на чэмпіянаце свету, які праходзіў у Дзір-Вэлі, дзе заняў 11-е месца ў лыжнай акрабатыцы. У лютым 2012 года ў аўстрыйскім Крайсбергу ўпершыню трапіў на кубкавы подыум, стаўшы другім. У 2013 годзе атрымаў першую ў кар'еры перамогу на Кубку свету, выйграўшы спаборніцтвы ва ўсё тым жа Дзір-Вэлі. Акрамя гэтага, яшчэ раз падымаўся на подыум — ва ўкраінскім Букавелі ён замкнуў тройку лепшых. На чэмпіянаце свету ў Нарвегіі Гусцік паказаў 15-ты вынік.

Пасля завяршэння спатыўнай кар'еры пачаў працу трэнерам.

Нагадаем, пасля выбараў 2020 года беларускі фрыстайл трапіў пад палітычныя рэпрэсіі. У выніку таго, што многія спартсмены, легендарны галоўны трэнер Мікалай Казека, а таксама дырэктар Рэспубліканскага цэнтра алімпійскага рэзерву па фрыстайле Вадзім Крывашэеў асудзілі гвалт з боку лукашэнкаўскіх сілавікоў, у гэтым вельмі паспяховым відзе спорта адбыліся маштабныя чысткі. Цяпер праз вайну беларускія фрыстайлісты не маюць магчымасці ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах.