У зацверджаным Саўмінам спісе міжнародных турніраў на 2021 год адсутнічае чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску
Урад зацвердзіў пералік міжнародных спаборніцтваў, якія праводзяцца ў Беларусі ў 2021 годзе. Хакейны ЧС, частка матчаў якога павінна прайсці ў беларускай сталіцы, у пераліку турніраў адсутнічае.
Паводле спісу, сёлета ў беларускай сталіцы пройдуць такія мерапрыемствы, як чэмпіянат Еўропы па веласіпедным спорце на трэку (17-21 лютага), адзін з этапаў спаборніцтва Еўрапейскай чырлідарскай лігі (2-4 красавіка), чэмпіянат свету па сучасным пяцібор'і (5-14 чэрвеня) і чэмпіянат свету па лазер-рану (9-14 чэрвеня), піша «Прэсбол» са спасылкай на БЕЛТА.
На ліпень запланавана правядзенне адкрытага кубка
Мінска па снукеры і міжнародных спаборніцтваў па трыятлоне «Чэмпіянат
краін Балтыі». Розыгрыш Кубка Беларусі (Кубка Руслана Салея) па хакеі з
шайбай сезона-2021/22 адбудзецца ў ліпені і жніўні.
Таксама ў пералік мерапрыемстваў увайшлі фінал чэмпіянату
Еўропы па футболе сярод дзяўчат да 19 гадоў (21 ліпеня-2 жніўня), чэмпіянат
Еўропы па маунцінбайку (9-15 жніўня), 50-ы Міжнародны турнір па барацьбе
вольнай на прызы Аляксандра Мядзведзя (14-17 верасня), чэмпіянат свету па
класічным паўэрліфцінгу (мужчыны, жанчыны, юніёры, юніёркі, юнакі, дзяўчаты)
(23 верасня — 3 кастрычніка) і іншыя спаборніцтвы.
Акрамя таго, згодна з планамі, у беларускай сталіцы пройдуць этап Кубка свету і міжнародныя кваліфікацыйныя спаборніцтвы па выездцы (14-18 красавіка і 13-17 кастрычніка).
Пастанова ўступіла ў сілу з 1 студзеня 2021 года.
Нагадаем, што праз апошнія палітычныя падзеі правадзянне хакейнага чэмпіянату свету ў Мінску пакуль пад вялікім пытаннем. Мяркуецца, што яно будзе вырашана ўжо ў студзені.