1400 долараў падтрымкі — столькі атрымае большасць амерыканцаў праз пандэмію
Кангрэс ЗША зацвердзіў выплату 1400 долараў большасці амерыканцаў праз пандэмію.
Кангрэс ЗША зацвердзіў план падтрымкі амерыканскай эканомікі на 1,9 трыльёна долараў, які прадугледжвае прамыя выплаты па 1400 долараў большасці амерыканцаў, паведамляе meduza.io са спасылкай на інфармацыю Reuters.
Палата прадстаўнікоў, якая раней ужо ўхваліла гэты закон, зноў сабралася 10 сакавіка, каб зацвердзіць папраўкі, унесеныя Сенатам (сенатары ўхвалілі дакумент 7 сакавіка). За прыняцце закона прагаласавалі 220 чальцоў Палаты прадстаўнікоў, супраць выступілі 211 парламентарыяў. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн паабяцаў падпісаць дакумент 12 сакавіка.
План падтрымкі эканомікі сярод іншага прадугледжвае выдзяленне 400 мільярдаў долараў, якія накіруюць на прамыя выплаты большасці амерыканцам. Акрамя таго, у рамках плана да пачатку верасня працягнуць выплаты дапамогі па беспрацоўі ў памеры 300 долараў на тыдзень.
· У снежні 2020 года Кангрэс ЗША зацвердзіў прамыя выплаты большасці амерыканцаў у памеры 600 долараў у рамках пакета мер падтрымкі эканомікі амаль на 900 мільярдаў долараў.
· У тым жа месяцы Палата прадстаўнікоў прагаласавала за павелічэнне прамых выплат да 2000 долараў, але Сенат, які знаходзіўся пад кантролем рэспубліканцаў, адхіліў ініцыятыву, нягледзячы на тое, што яе падтрымліваў тагачасны прэзідэнт ЗША, рэспубліканец Дональд Трамп.
· У пачатку студзеня вандалы атакавалі дом сенатара-рэспубліканца Мітча Макконэла, а таксама дом спікера палаты прадстаўнікоў, дэмакрата Нэнсі Пэласі. Атакі звязалі з адмовай Сената павялічыць памер прамых выплат да 2000 долараў.