Адкуль бяруцца лідары нацыі?

Таджыкскі парламент аднагалосна надаў прэзідэнту Эмамалі Рахмону тытул «Лідар нацыі». Гэта ўжо чацвёрты лідар нацыі ў гісторыі постасавецкіх дзяржаў. Таму паспрабуем прааналізаваць дадзены феномен.



1311340223_poezdka.jpg

Фота: nm.tj

Натуральна, першапраходцам у гэтай галіне стаў былы першы сакратар кампартыі Туркменістана, а пасля яе прэзідэнт Сапармурат Ніязаў. У кастрычніку 1993 года на сесіі парламента Ніязаву быў афіцыйна прысвоены тытул «Туркменбашы», што перакладаецца як правадыр, або лідар усіх туркменаў.

Калі верыць апазіцыйным туркменскім СМІ, гэтаму папярэднічала абсалютна вар’яцкая гісторыя. Справа ў тым, што тады ў Ніязава ў прэс-сакратарах хадзіў нехта Курбанаў, які меў вельмі ліслівы характар. Неяк ён угаварыў боса пачаць называць сябе на публіцы Туркменбашы. Маўляў, кіраўнік першай у сучаснай гісторыі незалежнай туркменскай дзяржавы будзе выяўляцца ў дадатак «лідарам усіх туркменаў», які такім чынам у сваёй асобе сімвалічна аб’яднае ўсіх прадстаўнікоў гэтага старажытнага народа, што раскіданы па свеце.

Прагны на ліслівасць Сапармурат пагадзіўся. Хутка ён не толькі называў сябе Туркменбашы, аднак і падобным чынам падпісваў дакументы. Апошняе загнала юрыстаў у ступар. У органах запісу актаў грамадзянскага стану не было дакументаў пра змену прозвішча грама­дзянінам Ніязавым Сапармуратам, якога народ Туркменістана выбраў сваім прэзідэнтам у 1991 годзе. Паўставала заканамернае пытанне — што за чалавек падпісвае ўказы ад імя прэзідэнта?

Давялося хутка збіраць туркменскі парламент, які і пастанавіў надаць Ніязаву тытул Туркменбашы. Трошкі пазней дэпутаты дазволілі Ніязаву кіраваць да канца жыцця, а сам тытул падкарэктавалі — проста Туркменбашы стаў Вялікім Туркменбашы.

Цікава, што ў Туркменістане не было спецыяльнага юрыдычнага дакумента пра правы і абавязкі Туркменбашы. Аднак пры гэтым, як прызнаюць спецыялісты, феномен міфалагізаванай асобы Туркменбашы аказаў на працэсы дзяржаўнага будаўніцтва ў сучасным Туркменістане больш моцнае ўздзеянне, чым фармальныя інстытуты ўлады. Магчыма таму пасля смерці Ніязава наступны прэзідэнт краіны таксама пачаў насіць тытул. Гурбангулы Бердымухамедава ў прэсе называюць Аркадаг («Заступнік»), хаця фармальнага рашэння парламент краіны на гэты конт не прымаў.

Наступнай краінай СНД, дзе з’явіўся лідар нацыі, стаў Казахстан. Тут 2010 годзе быў прыняты закон аб наданні Назарбаеву тытула Елбасы (Лідар нацыі). На той час у зводзе казахскіх законаў ужо быў Закон пра першага прэзідэнта Казахстана, што надаваў Назарбаеву шмат прывілеяў. Як следства, электарат ідэю з законам пра Елбасы не зразумеў. Былі папулярныя дзве версіі: Назарбаеву вырашылі зрабіць падарунак на 70-годдзе, і прэзідэнт перапужаўся чарговага дзяржперавароту ў суседнім Кыргызстане і вырашыў падстарахавацца на выпадак, калі ён па нейкіх прычынах будзе вымушаны пакінуць пасаду.

Хутчэй за ўсё, рацыю маюць аматары другой версіі. Аўтары закону пра Елбасы дэталёва прапісалі розныя аспекты вечнага прававога імунітэту Назарбаева і яго сям’і. Так, напрыклад, лідар нацыі не можа быць затрыманы, арыштаваны, прыцягнуты да крымінальнай ці адміністратыўнай адказнасці за дзеянні, здзейсненыя ім у перыяд выканання паўнамоцтваў прэзідэнта. Узняўшы статус Назарбаева да амаль сакральнага, рэжым таксама атрымаў апраўданне для ўзмацнення рэпрэсій супраць сваіх крытыкаў аж да таго, што тым жа самым законам уводзілася адказнасць за «апаганьванне выяваў першага прэзідэнта Рэспублікі Казахстан». За гэта, дарэчы, казахская Феміда можа выпісаць да трох гадоў турмы.

Нарэшце, у гэтым годзе дайшла чарга да Таджыкістана, дзе прыняты Закон «Аб гаранце міру і нацыянальнага адзінства — лідары нацыі», якім, натуральна, стаў дзеючы прэзідэнт Эмамалі Рахмон. Аналіз тэксту гэтага закону дазваляе лёгка зразумець, нашто Рахмону патрэбна такая заканадаўчая норма. Гэта дазволіць прэзідэнту Таджыкістана адыгрываць дамінуючую ролю ў вызначэнні ўнутранай і знешняй палітыкі краіны пасля спынення прэзідэнцкіх паўнамоцтваў у 2020 годзе. У адпаведнасці з гэтым законам, «выкананне ўсіх рэкамендацый «лідара нацыі» абавязковае для ўсіх дзяржаўных структур». Акрамя таго «важныя палітычныя ўнутраныя і замежныя праблемы» будуць вырашацца па ўзгадненні з ім.

Застаецца сказаць, што пакуль галоўным кандыдатам у пераемнікі Эмамалі Рахмона лічыцца яго сын Рустам, аднак з улікам складанай міжнароднай сітуацыі і, адпаведна, інтарэсу вялікіх дзяржаў да рэгіёну не выключаюцца і іншыя варыянты. З улікам непапулярнасці Рахмона, Масква па дамоўленасці з Вашынгтонам можа зрабіць стаўку на іншага палітыка.

Не трэба быць вялікім юрыстам, каб зразумець, што ўсе законы, што ствараюць такі суб’ект права, як Лідар нацыі, нелегітымныя. Яны адкрыта супярэчыць існуючым канстытуцыям, паколькі ў асноўным дзеючым законе пазначаны іншыя паўнамоцтвы прэзідэнта, у тым ліку пасля завяршэння тэрміну дзеяння. Тое, што пра такі момант заканадаўцы думаюць постфактум, дазваляе казаць пра ролю кан’юнктуры падчас распрацоўкі законапраектаў пра лідараў нацыі.

З іншага боку, у гэтым ёсць і своеасаблівы глабальны падтэкст. Практычна ўсе аўтары законаў пра «лідараў нацыі» спасылаюцца на вопыт іншых краін рэгіёну. Напрыклад, для палітычнай стабільнасці Турцыі, Пакістана, Ірана важная спадчына палітыкаў, якія яшчэ пры жыцці ўспрымаліся як бясспрэчныя лідары. Некаторыя таджыкскія дэпутаты адкрытым тэкстам кажуць, што без фігуры моцнага палітыка, які мае неабмежаваныя паўнамоцтвы, функцыянаванне дзяржаўнага апарату немагчыма. У такім разе за з’явай «лідара нацыі» ў краінах Сярэдняй Азіі можа стаяць чарговая фаза працэсу ломкі мадэлі палітычнай культуры, якая існавала тут пасля развалу СССР.