Аркадзь Бабчанка: Маё жыццё ў чарговы раз зламанае цалкам
Журналіст Аркадзь Бабчанка, які ў маі 2018 года стаў удзельнікам спецаперацыі ўкраінскіх сілавікоў, расказаў пра сваё цяперашняе жыццё.
«Мне цяпер нельга нічога. Я не магу выйсці на вуліцу, я не магу сустрэцца з кім хачу, я не магу паехаць куды хачу, я не магу рабіць, што захачу. Я не магу не тое, што пайсці ў кафэ пасядзець з сябрамі — я не магу нават выйсці ў краму. Ежу мне прывозяць. Кожны выхад у горад — гэта спецаперацыя. Кожная сустрэча — дзесьці ў закрытым памяшканні, агавораным загадзя, лепш у месцы пад аховай. План знаходжання ў гэтым месцы распрацоўваецца загадзя. Сустрэчы магчымыя толькі з невялікай колькасцю людзей.
У мяне ёсць ве-е-ельмі ўстойлівыя падазрэнні, што ў Расіі нейкім чынам атрымалі доступ да маіх гаджэтаў і могуць іх чытаць і слухаць, таму перамовы аб сустрэчы — асобная спецаперацыя.
Натуральна, ніхто не можа прыйсці і да мяне.
У нас няма нічога. Вось наогул нічога. Сям'ю эвакуявалі з Расіі за дзень да гадзіны Д, таму што паведамляць дату давялося, натуральна, па тэлефоне, а там-та тэлефоны слухаліся адназначна, і трэба было пакінуць мінімальны часовы люфт, каб тупа не паспелі затрымаць на мяжы, і цяпер у нас ёсць толькі тое, што змясцілася ў машыну за адну ходку. Тры валізкі рэчаў. Кватэра, гараж, шмоткі, відэакамера імпартная тры штукі — усё засталося там. У мяне цяпер дзяржаўнае ўсё. Нават відэльцы. На табурэтцы, на якой я пішу гэты пост, стаіць інвентарызацыйны нумар. На мне штаны, у якіх я быў у моргу. Схадзіць у краму купіць новыя я не магу. А дастаўка таксама немагчымая.
Учора абзавяліся апрацоўчай дошкай. І тазікам для мыцця. Свята ў сям'і.
Я бачу толькі адно і тое жа пэўнае кола людзей. З ахоўваемага месца я не выходжу. Наогул. Мне няма куды больш выходзіць. У мяне зараз няма ні працы — таму што ў такой сітуацыі наўрад ці можна прыдумаць нешта больш дурное, чым рэгулярна прыязджаць у адно і тое ж месца ў адзін і той жа час — ні пасядзелак, ні спартзалу, ні пікнікоў, ні крам, ні Макдональдса, ні кіно, нічога. Маё жыццё ў чарговы раз зламанае цалкам.
«Здароў, уваскрослы! Мы можам сустрэцца?» Не. Не можам. А калі зможам, дзядзька? Не ведаю. Калі ўсё пойдзе ўдала — то гады праз два, напэўна.
Не я зараз вызначаю сваю будучыню.
Я зусім не ўяўляю, што далей. Дзе я буду далей жыць, як я буду далей жыць, як будзе жыць маё дзіця, у якую школу яно будзе хадзіць, ці зможа яно проста выйсці пагуляць на вуліцу без ўзвода аўтаматчыкаў.
Нічога не скончылася. Разумееце? Нічога яшчэ не скончылася. Герман на судзе кажа, што ён арганізатар толькі адной з груп. А ёсць яшчэ і іншыя. Толькі ў Кіеве, паводле яго слоў, каля дзясятка. І гэта надоўга. І гэта — сур'ёзна. Людзі працуюць, бабло сюды заходзіць, зброя заходзіць, да выбараў будуць расхістваць сітуацыю адназначна.
Сёння выходны. Вы будуеце планы на ўікэнд. А я сяджу з сям'ёй у бункеры, хаваюся ад наёмных забойцаў. Долбаная штырліцыяда.
І разумнікі, якія разважаюць пра «блазнаванне» і думаюць, што да сарака гадоў я марыў пра такое жыцця з цалкам нявызначанай будучыняй без нічога — пажывіце так тыдзень-другі. А потым будзеце мудрагеліць.
Добрай раніцы. Удалых ўсім выходных», — напісаў ён у фэйсбуку.
Паводле Нашай Нівы