Барозу: Парашэнка і Пуцін дамовіліся аб поўным выкананні Мінскага пратаколу
Прэзідэнты Украіны і Расіі Пётр Парашэнка і Уладзімір Пуцін дамовіліся ў Мілане аб выкананні Мінскага пратаколу «для стварэння даверу паміж бакамі».
Як перадае карэспандэнт УНІАН, пра гэта паведаміў журналістам прэзідэнт Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу па выніках шматбаковай сустрэчы з удзелам лідэраў ЕС і прэзідэнтаў Украіны і Расіі сёння ў Мілане.
Па словах Барозу, ключавыя пункты дамоўленасцяў — верыфікацыя рэжыму спынення агню, правядзенне выбараў на Данбасе згодна з украінскім заканадаўствам і кантроль за мяжой.
Прэзідэнт Савета Еўропы Герман Ван Рампей распавёў, пра што дамаўляліся ўдзельнікі сустрэчы прэзідэнтаў Пятра Парашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Мілане. Паводле яго слоў, ключавым на сустрэчы было слова «выкананне», якое тычыцца мірнага плана для завяршэння канфлікту на Данбасе.
ЕС і Украіна настойвалі на неабходнасці усіх бакоў выканаць умовы, якія могуць забяспечыць мір на ўсходзе Украіны. «Таксама мы абмяркоўвалі 2 спецыфічных пытанні. Адно з іх — гэта арганізацыя выбараў ва Украіне, якія будуць праведзены праз пару тыдняў і праз месяц. А другое — гэта маніторынг межаў», — сказаў Герман ван Рампей.
Ён дадаў, што сёння ў Мілане будзе яшчэ адна сустрэча з удзелам Пятра Парашэнкі і Уладзіміра Пуціна. «Мы дамовіліся, што патрабуецца далейшае абмеркаванне сёння пасля абеду, а таксама напрацягу бліжэйшых дзён», — сказаў прэзідэнт Савета Еўропы, адзначыўшы, што пакуль ключавым у працэсе адносна Украіны — «выкананне мірнага плана».