Баскскія нефармалы

У дзявяты раз за апошнія восем гадоў баскскія нацыяналісты намагаюцца атрымаць легальны статус. Эксперты кажуць, што на гэты раз шансы ёсць.

Беларускія дэмакраты часта скардзяцца на тое, што не могуць зарэгістраваць свае партыі. Магчыма, айчынных дысідэнтаў заспакоіць тое, што ў далёкіх Пірэнеях у іх ёсць сябры па няшчасцю. У Іспаніі ўжо амаль 10 гадоў не могуць дзейнічаць легальна левыя нацыяналісты (іх рух яшчэ называюць izquierda abertzale).



fb4c48608ce8825b558ccf07169a3421.jpg

У дзявяты раз за апошнія восем гадоў баскскія нацыяналісты намагаюцца атрымаць легальны статус. Эксперты кажуць, што на гэты раз шансы ёсць.
Беларускія дэмакраты часта скардзяцца на тое, што не могуць зарэгістраваць свае партыі. Магчыма, айчынных дысідэнтаў заспакоіць тое, што ў далёкіх Пірэнеях у іх ёсць сябры па няшчасцю. У Іспаніі ўжо амаль 10 гадоў не могуць дзейнічаць легальна левыя нацыяналісты (іх рух яшчэ называюць izquierda abertzale).
Пакуты прыхільнікаў незалежнасці Краіны Баскаў пачаліся ў 2003 годзе, калі ўлады забаранілі партыю “Батасуна за сувязь з тэрарыстамі з групоўкі ЕТА. Нацыяналісты не змірыліся. Яны некалькі разоў спрабавалі сабрацца пад дахам новай партыі, аднак безвынікова. Таксама пацярпелі крах спробы выступаць ад імя нейкай іншай, ужо раней зарэгістраванай партыі, кшталту заснаванай яшчэ ў 1920-я гады партыі “Нацыянальная баскская акцыя (ANV). Нягледзячы на тое, што сябры ANV у 1930-я гады былі на перадавой лініі барацьбы з франкістамі, партыю ўсё роўна не пашкадавалі. А каб увогуле загнаць нацыяналістаў у пазапраўнае поле, з часам пад забарону трапілі іх грамадскія арганізацыі, кшталту праваабарончага цэнтру “Askatasuna.
Як правіла, у якасці прычынаў для забароны партый указвалі, што касцяк кіраўніцтва — былыя лідары “Батасуны. Па-другое, новыя партыі ўпарта адмаўляліся асудзіць гвалтоўныя метады ЕТА, што давала ўладам фармальную падставу для іх нерэгістрацыі.
І вось новая спроба легалізацыі. 8 лютага ў Більбаа закладзеная партыя “Sortu (баск.: жыць, нарадзіцца). Яе арганізатары спадзяюцца, што на гэты раз запаветнае пасведчанне аб рэгістрацыі яны ўсё ж атрымаюць. У такім разе кандыдаты ад “Sortu паспеюць прыняць удзел у муніцыпальных выбарах, прызначаных на май.
Галоўная крыніца аптымізму — працэсы вакол ЕТА, заложнікам якіх стаў увесь грамадскі нацыяналістычны сектар. Яшчэ ўвосень etaras (сябры ЭТА) прынялі рашэнне аб спыненні вайсковых дзеянняў. У студзені яны заявілі, што адмаўляюцца ад тэрарыстычных метадаў назаўсёды. Упершыню ў гісторыі руху izquierda abertzale на сходзе “Sortu прынятая сімвалічная заява супраць праявы любога палітычнага гвалту, у тым ліку такога, які практыкуе ЕТА.
Увогуле, як гаворыцца ў праграмных дакументах “Sortu, прырода партыі наступная: “Sortu — незалежная партыя, якая прызнае выключна палітычныя метады дасягнення сваіх мэтаў і імкнецца да стварэння канстытуцыі баскскай дзяржавы ў рамках ЕС. Таксама “Sortu жадае накіраваць левы баскскі нацыяналізм у канструктыўнае поле, адначасова асуджаючы пры гэтым палітычныя і грамадскія групоўкі, якія шкодзяць справе суверэнітэту народа Краіны Баскаў.
Спадзяюцца нацыяналісты таксама на міжнародны ціск на Мадрыд з боку Брусэля. Тут узнікла моцнае лобі, якое падтрымлівае ідэю дыялога паміж ЕТА і Мадрыдам накшталт таго, які вялі Лондан і Дублін з Ірландскай рэспубліканскай арміяй (IRA). Яго вынікам стала славутая Дамова добрай пятніцы, якая спыніла тэрор у Паўночнай Ірландыі. Сярод тых, хто выступае за імпарт ірландскага досведу ў Іспанію, — былы прэзідэнт Паўднёвай Афрыкі Фрэдэрык Вілем дэ Клерк.
Рэакцыя іспанскага палітыкуму на з’яўленне “Sortu супярэчлівая. Практычна ўсе баскскія партыі, нават тыя, якія канкуруюць з izquierda abertzale, віталі яе стварэнне. Яны таксама заклікалі Мадрыд дапусціць партыю да ўдзелу ў вясновых выбарах.
Падтрымалі “Sortu ўсе скрайнія левыя арганізацыі Іспаніі. Логіка тут наступная: каб нешта забараніць, спачатку павінен быць зафіксаваны факт злачынства, а актывісты “Sortu пакуль дзейнічаюць у рамках заканадаўства.
У той жа час іспанскія правыя кансерватыўныя партыі бачаць у “Sortu пераемніка “Батасуны. Іх пазіцыя вельмі катэгарычная. “Не можа быць іншага варыянту для левых нацыяналістаў, акрамя поўнага роспуску іх арганізацыі, складання зброі і просьбы прабачэнні ў сваіх ахвяр, асуджэння гвалту, падпарадкавання імперыі закона, — гаворыцца ў пастанове Народнай партыі. Натуральна, народнікі выступаюць супраць легалізацыі “Sortu. Іх падтрымліваюць сябры шматлікіх арганізацый, ахвяр тэрору ЕТА.
Іспанская сацыялістычная рабочая партыя (PSOE), якая фармуе нацыянальны ўрад, займае апартуністычную пазіцыю. PSOE разглядае адмову “Sortu ад метадаў гвалту як вельмі важны крок наперад, аднак не дастатковы. Як гаворыцца ў рэзалюцыі сацыялістаў, “Sortu павінна адмовіцца ад ідэнтыфікацыі з забароненымі раней арганізацыямі. У дадатак PSOE кажа, што адной маніфестацыі супраць тэрору занадта мала. Патрэбна больш часу, каб пераканацца, што “Sortu не будзе клонам “Батасуны.
Нягледзячы на тое, што грамадская думка ставіцца да “Sortu дастаткова асцярожна, прэса ўпэўненая, што легалізацыю нацыяналісты ўсё ж атрымаюць. Гэта дае падставы правай апазіцыі казаць пра наяўнасць нейкіх тайных перамоваў паміж урадам Хасэ Луіса Радрыгеса Сапатеры і кіраўніцтвам ЕТА. Падобныя чуткі ствараюць атмасферу інтрыгі, вынікі якой прадказаць пакуль немагчыма.
У гэтым плане ірландскі варыянт таксама выключыць нельга. Праўда, тут ёсць адна праблема. Падпісваючы Дамову добрай пятніцы, IRA прызнала, што Паўночнай Ірландыя з’яўляецца часткай Аб’яднанага Каралеўства. Ці гатовыя баскскія нацыяналісты дэкларатыўна ахвяраваць правам на незалежнасць, прызнаўшы сваю радзіму складовай часткай іспанскай дзяржавы?