BBC: Да збіцця «Боінга» над Данбасам можа мець дачыненне генерал ФСБ

Рускай службе BBC стала вядома магчымае імя аднаго з галоўных фігурантаў справы аб крушэнні "Боінга", які выконваў рэйс МН17.

Першы намеснік кіраўніка памежнай службы ФСБ Расіі генерал-палкоўнік Андрэй Бурлака. BRYANSKOBL.RU

Першы намеснік кіраўніка памежнай службы ФСБ Расіі генерал-палкоўнік Андрэй Бурлака. BRYANSKOBL.RU


У матэрыялах Аб'яднанай следчай групы (JIT), якая вядзе афіцыйнае міжнароднае расследаванне падзення самалёта, гэты чалавек праходзіў пад псеўданімам "Уладзімір Іванавіч". Людзі, якія мелі стасункі з гэтым чалавекам, сказалі BBC, што за гэтым імем можа хавацца дзейны першы намеснік кіраўніка памежнай службы ФСБ Расіі генерал-палкоўнік Андрэй Бурлака.
Даследчая група Bellingcat правяла аналіз тэхнічных звестак і незалежна ад BBC таксама прыйшла да высновы, што Андрэй Бурлака і "Уладзімір Іванавіч" могуць быць адным чалавекам.
У апублікаваных следчымі тэлефонных перамовах прадстаўнікі "ДНР" паміж сабой называлі Уладзіміра Іванавіча камандзірам усёй аперацыі, якая праводзіцца на ўсходзе Украіны. А былы міністр абароны "ДНР" Ігар Стралкоў згадваў, што падпарадкоўваўся загадам Уладзіміра Іванавіча.
Ад крыніцы, якая мае доступ да персанальных баз звестак, BBC атрымала інфармацыю аб перасоўваннях генерала ў 2014 годзе і высветліла, што ў дзень падзення "Боінга" Андрэй Бурлака знаходзіўся ў Растове-на-Доне. Фанаскапічная экспертыза, зробленая па запыце BBC, паказала як падабенства, так і некаторыя адрозненні ў голасе генерала Бурлакі і "Уладзіміра Іванавіча".
Адна крыніца, якая назвала BBC верагоднае імя "Уладзіміра Іванавіча", удакладніла, што пасля завяршэння актыўнай фазы канфлікту на ўсходзе Украіны ў 2014-2015 гадах генерал Бурлака атрымаў павышэнне, а таксама вышэйшую дзяржузнагароду — Героя Расіі.
BBC не ўдалося знайсці ўказ аб прысваенні генералу гэтай узнагароды, але вядомыя выпадкі, калі званне Героя Расіі прысвойвалася закрытым указам, які ніколі не публікаваўся.
Расследаванне цалкам чытайце тут