Беглы дыпламат з Паўночнай Карэі распавёў аб ядзерных распрацоўках Пхеньяна

Былы паўночнакарэйскі дыпламат Тхэ Ён Хо, які збег у Паўднёвую Карэю, заявіў, што Пхеньян плануе завяршыць распрацоўку міжкантынентальнай балістычнай ракеты (МБР) да канца 2017-га — пачатку 2018 года. 



КНДР. Фота: Reuters

КНДР. Фота: Reuters


Пра гэта ў нядзелю, 8 студзеня, паведамляе агенцтва Yonhap.
Новая зброя, па словах перабежчыка, будзе здольна дасягнуць кантынентальнай часткі ЗША.

1 студзеня ў навагоднім звароце да нацыі лідэр КНДР Кім Чэн Ын запэўніў, што паўночнакарэйская МБР знаходзіцца «ў апошняй стадыі распрацоўкі». Ён таксама паабяцаў, што краіна працягне ўмацоўваць свой ваенны патэнцыял, калі «Злучаныя Штаты не спыняць агрэсіўную палітыку».

Да гэтага, у канцы снежня 2016 года, Паўночная Карэя адмовілася згарнуць сваю ракетна-ядзерную праграму па патрабаванні НАТА. Акрамя таго, Савет Бяспекі ААН выпусціў шэраг рэзалюцыяў аб забароне Пхеньяну праводзіць ядзерныя выпрабаванні. Аднак кіраўніцтва КНДР заявіла, што ў святле варожай палітыкі ЗША рэспубліка мае поўнае права ўмацоўваць абараназдольнасць краіны, і адмовілася прызнаваць дадзеныя рашэнні. У сувязі з гэтым Савет бяспекі ААН увёў санкцыі супраць КНДР.

Высокапастаўлены паўночнакарэйскі дыпламат Тхэ Ён Хо знік у жніўні 2016 года з амбасады ў Лондане незадоўга да вяртання на радзіму. Пазней стала вядома, што ён разам з жонкай і дзецьмі збег у Паўднёвую Карэю. Яго сям'я была ўзятая пад абарону ўрада. Як паведамляла Расейская служба «Бі-бі-сі», 20 жніўня Пхеньян абвінаваціў Тхэ Ён Хо ў разгалашэнні дзяржаўнай таямніцы і незаконным прысваенні чужой маёмасці.

Паводле tut.by