Бывай, зброя

Добрая навіна для прыхільнікаў мірнага працэсу ў Паўночнай Ірландыі. Склала зброю Ірландская нацыянальная вызваленчая армія (INLA), адна з самых радыкальных і крывавых груповак ірландскіх нацыяналістаў.

Добрая навіна для прыхільнікаў мірнага працэсу ў Паўночнай Ірландыі. Склала зброю Ірландская нацыянальная вызваленчая армія (INLA), адна з самых радыкальных і крывавых груповак ірландскіх нацыяналістаў.
INLA — адна з трох вядомых груповак, якія на працягу гісторыі выйшлі з Ірландскай рэспубліканскай арміі (IRA). 11 кастрычніка Марцін МакМонэйл, старшыня Ірландскай рэспубліканскай сацыялістычнай партыі (IRSP) — неафіцыйнага «даху» тэрарыстаў — заявіў: «INLA вырашыла адмовіцца ад гвалту». Гэта рашэнне, па словах палітыка, было прынята пасля доўгіх дэбатаў унутры INLA. Галоўным матывам стала тое, што мірная дамова 1998 года паміж каталікамі і пратэстантамі (дамовы перадвелікоднай пятніцы) усё ж прызнае, што Ірландыя павінна быць адзінай.
Між тым, аналітыкі звяртаюць увагу на тое, што заява прагучала пасля таго, як напярэдадні ад баявой дзейнасці адмовіліся заклятыя ворагі INLA — Сілы валанцёраў Ольстэру (UVF) і Асацыяцыя абароны Ольстэру (UDA) — вядучыя парамілітарныя аб’яднанні пратэстантаў.
Навіна была ўспрынятая на ўра ў Вашынгтоне (на наступны дзень у Вялікабрытанію прыехала Хілары Клінтан), у Лондане і Дубліне. Віталі рашэнне рэспубліканскіх сацыялістаў кіраўнікі «Шын Фейн». Джэры Адамс, старшыня «Шын Фейн», каментуючы навіны ад INLA, прызнаўся: ён да апошняга часу заставаўся песімістам адносна таго, што INLA калі-небудзь адмовіцца ад тэрарыстычнай дзейнасці.
І сапраўды, падставы для падобных сумневаў былі. INLA, якая па сутнасці актыўна дзейнічала некалькі гадоў (напрыканцы 1970-х — пачатку 1980-х) паспела за такі кароткі час забіць прыкладна 150 чалавек.
Менавіта яе актывісты арганізавалі самы вядомы тэракт у гісторыі troubles (так называюць у Англіі канфлікт вакол Паўночнай Ірландыі). У 1982 годзе на дыскатэцы ў горадзе Лондандэрры (любімае месца адпачынку брытанскіх салдат мясцовага гарнізону) ад выбуху бомбы загінула 17 чалавек.
INLA ўзнікла ў 1974 годзе, калі шэрагі афіцыйнай IRA пакінула група дысідэнтаў. Яны абвінавацілі кіраўніцтва IRA ў здрадзе. Тых, хто стукнуў дзвярамі, аб’ядноўвала вера ў светлую камуністычную будучыню. Усе сябры INLA лічылі сябе паслядоўнымі марксістамі. Раскол здаваўся звонку вельмі дзіўным, асабліва з улікам таго, што IRA была таксама занадта левым фармаваннем. Яна актыўна супрацоўнічала з камуністамі. Аднак на той час, асабліва пасля падзей у Чэхаславакіі ў 1968 годзе, СССР не вылікаў вялікага захаплення ў еўрапейскіх левых.
Такі ці інакш, норавы сярод гэтай часткі ірландскіх рэспубліканцаў былі вельмі суровыя. Першае, што зрабілі сябры IRA, калі даведаліся пра стварэнне INLA, забілі яе лідэра Самоса Кастэла.
Пасля гэтага актывісты INLA і афіцыйнай IRA пачалі знішчаць адзін аднаго ў імя адной і той жа мэты — адзінай сацыялістычнай Ірландыі.
Паколькі Provisional IRA (часовая) таксама не любіла афіцыйную IRА, яна дапамагла сацыялістычным рэспубліканцам стварыць суполкі ў Паўночнай Ірландыі. Тыя групы сталі плацдармам для пачатку брутальнай тэрарыстычнай атакі на Англію.
Акрамя згаданага выбуху ў Лондандэрры, сацыялістычныя рэспубліканцы прыклалі руку да забойства ў 1979 годзе аднаго з лідэраў кансерватыўнай партыі і блізкага сябра Маргарэт Тэтчэр Эйры Ніва.
Калі ў 1982 годзе NАТО спрабавала правесці ў Паўночнай Ірландыі нешта кшталту вучэнняў, INLA трактавала гэта як замах на нейтралітэт Ірландыі. Адна з радарных станцый Альянсу ўзляцела ў паветра.
Некаторыя даследчыкі лічаць, што зброю і бомбы INLA атрымлівала ад IRA (часовай). Часовая IRA  такім чынам намагалася падтрымаць атмасферу напружанасці, для чаго быццам бы і выкарыстоўвалі сацыялістычных рэспубліканцаў.
Але Лондан не глядзеў на выхадкі апошніх пасіўна. На пачатку 1980-х гадоў пры дасюль не высветленых абставінах былі забітыя два лідэры INLA. Большасць лічыць, што гэта — справа брытанскіх спецслужбаў.
Аднак у выніку INLA як больш-менш здатную да вайсковай дзейнасці адзінку знішчылі самі армейцы. Вялікі скандал у Ірландыі выклікала справа аднаго былога сябра INLA, які пагадзіўся супрацоўнічаць з брытанцамі. У адказ армейцы скралі ягоную жонку і сястру. У выніку афіцыйны Дублін, які звычайна пасіўна назіраў за дзейнасцю рэспубліканцаў на сваёй тэрыторыі, вымушаны быў прымаць меры. Паліцыя арыштавала тузін актывістаў INLA, што падкасіла рух тэрарыстаў.
Яны ператварыліся ў секту палітычных маргіналаў, якія ўвесь час сварыліся паміж сабою. На глебе аднаго з дзяжурных расколаў пачалася новая вайна, падчас якой былі забіты 16 чалавек.
Калі ў 1998 годзе была заключана мірная дамова, INLA адмовілася складаць зброю, але пры гэтым абвясціла пра тое, што часова прыпыняе тэрарыстычныя акцыі.
Аднак хутка пачала зноў забіваць. Праўда, не брытанцаў, а гандляроў наркотыкамі ўсіх канфесій і нацыянальнага паходжання. Усё пачалося пасля таго, як у Белфасце арыштавалі аднаго дылера, які аказаўся сябрам INLA. Пазней, у 2006 годзе, Independent Monitoring Commission (арганізацыя, якая займаецца маніторынгам экстрэмізму ў Паўночнай Ірландыі) заявіла, што Ірландская нацыянальная вызваленчая армія — адзін з двух вядучых наркатычных картэляў у рэгіёне. Армія заявіла, што гэта лухта і правакацыя, і ў доказ забіла пару гандляроў гераінам (апошні выпадак меў месца ў лютым 2009 года).
Пры ўсёй супярэчнасці інфармацыі пра кантакты з крыміналам, думаецца, што дыму без агню не бывае. Выраджэнне былых паслядоўных нацыяналістаў у звычайную банду — добры доказ ідэйнага калапсу экстрэмізму ў Паўночнай Ірландыі.