Больш за 50 адвакатаў-праваабаронцаў арыштаваныя ў Кітаі

Арышты закранулі адвакатаў, што абаранялі ў апошнія гады дзеячоў кітайскай апазіцыі, актывістаў нацыянальных меншасцяў і сялян, што пратэставалі супраць несправядлівасцяў камуністычнага рэжыму.



snisdfshmoksg.jpg

Арыштаваныя праваабаронца Ван Ю (злева) і Чжоў Цыфень, кіраўнік юрыдычнай фірмы Fengrui

У турму, у прыватнасці, трапілі ўсе супрацоўнікі юрыдычнай фірмы Fengrui, што была асяродкам барацьбы за правы чалавека ў Кітаі, паведамляе агенцтва Рэйтарз.

Назіральнікі адзначаюць, што пры Сі Цзіньпіню сітуацыя з правамі чалавека ў Кітаі значна пагоршала. У прыватнасці, у турме застаецца лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 59-гадовы Лю Сяабо. Гэта ягоны чацвёрты турэмны тэрмін.

Юрысты з Fengrui сталі «знікаць» 9 ліпеня. Пасля яны адшукаліся ў турмах. Больш за 100 калег-адвакатаў падпісалі зварот у іх абарону, пасля былі затрыманыя і некаторыя з гэтых падпісантаў.

Кітай зрабіў вялікі эканамічны скачок, але чалавек у гэтай краіне застаецца пазбаўлены многіх грамадзянскіх правоў. А эксплуатацыя працоўных у краіне часам пераўзыходзіць усе еўрапейскія ўяўленні. 

Сяргей Гезгала, NN.BY