Больш за 4 тысячы чэхаў падпісаліся за вызваленне Марыі Калеснікавай
Петыцыя за вызваленне Марыі Калеснікавай была сёння перададзеная ў беларускую амбасаду ў Празе.
Ініцыятарам стала чэшская філія праваабарончай арганізацыі «Amnesty International». Паводле кіраўніцы арганізацыі Лінды Сокачавай, свае подпісы пад петыцыяй паставілі больш за чатыры тысячы чэхаў. Сярод тых, хто прыйшоў перадаць петыцыю, была і сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч.
Амбасада не адчыніла сваю брамку, каб прыняць дэлегацыю. Загадзя параілі пакінуць карэспандэнцыю ў паштовай скрыні. Такім самым чынам апарат амбасады калісьці сустрэў і чэшскага прэзідэнта Вацлава Гавела, які незадоўга да сваёй смерці прынёс допіс з патрабаваннем выпусціць беларускіх палітвязняў.
Напярэдадні Таццяна Хоміч атрымала за сваю сястру прэмію «За свабоду, дэмакратыю і правы чалавека». Марыю Калеснікаву, як і Франака Вячорку, такім чынам уганараваў чэшскі Інстытут вывучэння таталітарных рэжымаў.
Спадарыня Хоміч была ўчора адной з удзельніц прэсавай канфэрэнцыі, пляцоўку для якой прадаставіў Нацыянальны тэатр у Празе. З апошніх навін пра сястру яна паведаміла, што Марыя пасля прысуду застаецца ў мінскай турме на Валадарскага. Яе змясцілі ў адзіночную камеру. Яна не страчвае аптымізму, чытае, мае магчымасць глядзець тэлевізар (дзяржаўныя каналы). Асноўны час прысвячае падрыхтоўцы абскарджання прысуду, якое мае намер падаць у Вярхоўны суд.