Больш за 5 тысяч чалавек бяруць удзел у 26-гадзінным Усясветным кангрэсе беларусаў

Апоўначы 31 кастрычніка ў онлайн-фармаце пачаўся 26-гадзінны Усясветны кангрэс беларусаў. Яго арганізавала супольнасць «Беларусы замежжа», у якую ўваходзяць беларускія дыяспары з чатырох дзясяткаў краін, паведаміў БелаПАН.


Паводле сакратара супольнасці Арцёма Лядоўскага, галоўная задача кангрэсу — пачатак адкрытай грамадскай дыскусіі аб прычынах цяперашняга беларускага крызісу і ягоных паследках.
«Сярод нас ёсць людзі ўсіх прафесій, наш супольны досвед — сотні гадоў», — сказаў Лядоўскі.
На адкрыцці кангрэсу выступіла Святлана Ціханоўская. Яна выказала ўпэўненасць, што кангрэс дапаможа знайсці «выйсце з крызісу, да якога давёў цяперашні рэжым».
Кангрэс таксама павітала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, сябры прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павел Латушка і Сяргей Дылеўскі.
Паводле арганізатараў, на кангрэсе выступяць больш як 100 чалавек.