«Быць свабодным лёгка, а быць тыранам – гэта цяжкая праца»

Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» на прыкладзе сваркі Дональда Трампа і Ілана Маска разважае пра прыроду і асаблівасці тыраніі і яе надзвычайную нестабільнасць. Нават калі дэвізам тыраніі з'яўляецца «стабільнасць».

Карыкатура з exler.me

Карыкатура з exler.me

Вырашыў напісаць табе пра тое, як пасварыліся Ілан Эролавіч і Дональд Фрэдэрыкавіч. Заўваж, што ключавое тут слова не «пасварыліся». Ключавое слова «як». Таму што не пасварыцца яны, вядома, ніяк не маглі. Не пасварыцца для Маска і Трампа было цалкам немагчыма. Калі адзін прэзідэнт, а другі кажа, што гэта ён сабе такога прэзідэнта зрабіў, такія адносіны нічым добрым акрамя афіцыйнага разводу скончыцца не могуць. 

Але разводзіцца ж можна па-рознаму. Прыстойныя дарослыя людзі пры разводзе выконваюць знешнія прыстойнасці, каб іншыя людзі думалі, што паміж імі ўсё добра. Не вельмі прыстойныя, але дарослыя людзі, могуць рабіць адзін аднаму розныя непрыемнасці. Але яны не робяць з сябе істэрыку на пацеху шаноўнай публікі. 

Вось салідны тыран і дэспат паслаў бы спачатку на Тэсла падатковую праверку. Потым распавёў бы, да чаго прыватнік давёў квітнеючае прадпрыемства. Потым зладзіў Тэсле нацыяналізацыю. І ўсё гэта — толькі для пачатку. А калі замест гэтага ты распавядаеш, што Маск з'ехаў з глузду, то ты не тыран і дэспат. Ты клоўн. І не той клоўн, які быў супраць Бэтмэна. Той клоўн усё ж такі быў сур'ёзны злыдзень.

А тут атрымліваецца, што мы з табой ад Трампа розных злачынстваў чакалі, а ён нават чыжыка не з'еў. Толькі пасварыўся не заўсёды прыстойнымі словамі. Вядома, прыстойнаму прэзідэнту такіх слоў у прыстойным грамадстве лепш гаварыць менш. Але было б значна горш, калі б ён казаў менш, а рабіў больш. А так, заўваж, пошліны засталіся не ўведзенымі, а Грэнландыя дагэтуль стаіць нікім не заваяваная.

Так што сварка паміж Маскам і Трампам, насамрэч, выклікае пэўны аптымізм. Большасць з таго, што робяць новыя амерыканскія ўлады, яны робяць, каб пацешыць шаноўную публіку. А сапраўдная тыранія не пра забаву шаноўнай публікі. Забаўка шаноўнай публікі можа быць яе інструментам, але не сэнсам існавання. 

Сапраўдная тыранія патрабуе доўгатэрміновага планавання, напружаных намаганняў і штодзённай карпатлівай працы. Таму што тыранія — ненатуральная. Быць свабодным лёгка, а быць тыранам – гэта цяжкая праца. Калі ты тыран, то ты кожны дзень павінен кантраляваць тысячы розных дробязяў. Таму што кожны дзень гэтыя дробязі наровяць выйсці з-пад кантролю. Супраціў ўзнікае там, дзе ты нават не мог яго сабе ўявіць. Акты супраціву ладзяць людзі, якія самі пра сябе нічога такога ўявіць не маглі. А кожны, самы дробны акт супраціву падрывае тваю стабільнасць. І ты ж ніколі не ведаеш, які з іх стане для цябе апошнім. 

Таму стабільнасць тыранаў такой ўласцівасці, што яе могуць падарваць нават сокалы, якія скінулі пацука на прыступкі Дома Урада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыку і Цапкалу.