Хілары Клінтан: Пуцін зайшоў занадта далёка

Уплывовы амерыканскі палітык заклікае дапамагчы Украіне ды шукаць альтэрнатывы «Газпрому».



c0ecfe6a_697f_40e2_a6de_764163e18b13_w640_r1_s.jpg

Пасля катастрофы малайзійскага авіялайнера былы дзяржсакратар Хілары Клінтан шукае адказ на пытанні, хто мог збіць самалёт, з якой зброі, а таксама якім досведам валодаюць асобы, што гэта зрабілі. На ейную думку, гэта былі прарасейскія баевікі. І калі пасля судова-медычнай экспертызы будзе даказана датычнасць Расіі да трагедыі, «еўрапейскія сталіцы мусяць выразіць сваё абурэнне».

Таксама Еўропа мусіць зрабіць тры крокі, лічыць палітык. «Па-першае, узмацніць санкцыі. Зрабіць іх выразнымі, каб быў зразумелы кошт, які прыйдзецца заплаціць. Па-другое, актывізаваць намаганні па пошуку альтэрнатыў «Газпраму». І па-трэцяе, трэба рабіць больш сумесна з намі (ЗША — belsat.eu), каб падтрымаць украінцаў. Павінна быць больш дапамогі на мяжы (украінска-расійскай — belsat.eu), праз якую расейцы і тэрарысты свабодна пераходзяць, а потым вяртаюцца», — сказала былы дзяржсакратар.


Амерыканскі палітык заўважае, што калі Расія сапраўды мае ўплыў на дзеянні тэрарыстаў, то да Пуціна трэба данесці, што ён зайшоў вельмі далёка. Прычым узяць на сябе ініцыятыву ў гэтым пытанні, паводле Хілары Клінтан, мусяць менавіта еўрапейцы. «Мне падаецца, Пуцін будзе ісці настолькі далёка, наколькі ён можа гэта зрабіць, як ён думае. Ён гатовы трымаць Украіну нестабільнай, каб спрабаваць запужаць новую ўкраінскую ўладу і прымусіць яе адступіць ад збліжэння з ЕС. Адзіная мова, якую ён разумее — выразлівая, настойлівая і зразумелая. Але санкцыі не абавязкова стрымліваюць яго. Менавіта таму я заклікаю еўрапейцаў прыдумаць альтэрнатыўныя энергетычныя стратэгіі, якія не пакінуць іх толькі на ласку Пуціна і «Газпрома».


Малазійскій авіялайнер, які ляцеў з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, збілі ўчора над Данеччынай, у выніку чаго загінулі 295 чалавек. Украіна вінаваціць у трагедыі прарасійскіх баевікоў, у той час як лідары непрызнанай Данецкай Народнай Рэспублікі адмаўляюць сваю датычнасць і кажуць, што міжкантынентальны рэйс быў збіты ўкраінскімі паветранымі сіламі. У той жа час прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін сцвярджае, што ў здарэнні вінаватая Украіна, «як дзяржава, над тэрыторыяй якой адбылася трагедыя».

belsat.eu