Ці прагулка на слане з'яўляецца этычнай?

Тэма выкарыстоўвання жывёл у розных краінах з'яўляецца нялёгкай і выклікае крайнія меркаванні. У Польшчы, напрыклад, не будзе згоды на дэльфінарый. 



3275322_elephant1.jpg

Тэма выкарыстоўвання жывёл, назавем гэта турыстычнай прамысловасцю, з'яўляецца нялёгкай і выклікае крайнія меркаванні. Многія асобы зарабляюць дзякуючы выкарыстоўванню жывёл у турызме.

У Польшчы адным з канфліктных пунктаў з'яўляюцца коні, якія ў гарах возяць турыстаў. Эколагі й грамадзкія актывісты шматразова пратэставалі ў Закапанэ, дзе перавозка турыстаў брычкамі з'яўляецца традыцыяй і штодзённасцю. Галоўны закід тычыцца таго, што брычкі перагружаныя пасажырамі. Былі прыклады, калі коні здыхалі ад перанагружанасці на вачах у турыстаў. Эколагі пераконваюць, што коней можна паспяхова замяніць электрычнымі гольф-картамі.

Наш госць — вядомая польская вандроўніца Ганна Алей-Кабус — адзначае, што яна супраць празмернай перагрузкі брычак, якія цягнуць коні.

Г. Алей-КабусЯ сама шматразова ў розных месцах свету ездзіла такімі брычкамі. Але кожны павінен мець элементарнае пачуццё спачування. А мы бачым двух коней, якія цягнуць дзесяць і больш чалавек. Кожная асоба ў сярэднім важыць каля 70 кілаграмаў. Калі гэта адбываецца раз у дзень, то няма праблемы, паколькі конь напэўна з гэтым справіцца. Але калі коні павінны некалькі разоў везці пасажыраў такой трасай уверх і ўніз... А паездка ўніз не з'яўляецца больш лёгкай справай, як бы гэта здавалася.

Вандроўніца адзначае, што кожны выпадак трэба ацэньваць інакш. Напрыклад, адно тычыцца паездак на конях, іншая справа з прапановамі пракаціцца на слане ці вярблюдзе.

Г. Алей-КабусЗ аднаго боку, мы маем дачыненне з жывёламі, якія стагоддзямі прыручаліся чалавекам, напрыклад, вярблюд. Я ня бачу нічога дрэннага ў тым, каб праехацца на вярблюдзе. Гэтая жывёла здаўна суісную з чалавекам, з дзяцінства да гэтага прыстасаваная, як коні ў нашым рэгіёне. У выпадку сланоў гэта ня так ясна. Каб слон пачаў вазіць турыстаў, трэба было забіць яго бацькоў, якія абаранялі малое сланяня ад захопу. Потым такога слана трэба «зламаць». Гэта робіцца пры дапамозе цесных клетак, у якіх такое малое сланя стаіць пазбаўленае ежы й сну, яго б’юць, у гэтым токам. Тут можна дапісаць усе катаванні, якія толькі можна зрабіць слану, каб ён прызнаў чалавека сваім уладаром, якога ён будзе слухаць. І толькі пасля гэтага сланы пачынаюць вазіць турыстаў.

Вандроўніца кажа, што павінен наступіць момант, калі людзі пачнуць падарожнічаць больш свядома.

Г. Алей-КабусЗначная частка турыстычнай прамысловасці прапануе турыстам заменнікі. Нас пераконваюць, што менавіта гэта сапраўдная прыгода. У моманце, калі мы пачынаем з гэтым не пагаджацца і свядома рабіць выбар, мы пачынаем больш бачыць і больш разумець. І аказваецца, што галоўным у падарожжы было нешта іншае. Я заўсёды пераконваю, каб турысты не ішлі найпрасцейшым шляхам. Турыстычная прамысловасць выкарыстоўвае нашу любоў да жывёл. Усе гэтыя прапановы заключаецца ў хуткім кантакце з дзікай жывёлай на нашых умовах. Але ўсё гэта адбываецца коштам прыроды і гэтых жывёл.

Іншым аспектам вандровак з'яўляюцца сувэніры, якія турысты прывозяць з экзатычных вакацый. У мінулым годзе польскія мытнікі канфіскавалі на межах 10 тысяч асобнікаў жывёл, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, і якіх ахоўваюць міжнародныя канвенцыі. З іх жывымі аказаліся больш за 8 тысяч. Гэта былі папугаі, чарапахі, змеі, схаваныя ў розных месцах багажу. У мінулым годзе польскія мытнікі канфіскавалі 600 кг каралаў.

Г. Алей-КабусТрэба мець свядомасць, што мы, як турысты, самыя накручваем гэтую з'яву. Мясцовыя жыхары павінны зарабляць. Замест таго, каб працаваць на полі, яны зразумелі, што можна прадаваць сваю традыцыю ці гісторыю турыстам. У Лаосе ёсць вёска, дзе можна купіць бутэлькі са змеямі, якія залітыя гарэлкай. Так, гэта частка іх традыцыі. І ўсё было ў парадку, калі туды прыязджала невялікая колькасць турыстаў. Гэта не ўяўляла пагрозы для раўнавагі ў прыродзе. Але цяперашнія часы вельмі моцна памяняліся.

У 50-х гадах па свеце падарожнічала 25 мільёнаў чалавек. У 2000 годзе гэта быў амаль мільярд. У 2020 годзе турыстаў будзе 1,5 мільярда. Калі кожны з турыстаў зробіць прынамсі адну этычна сумнеўную рэч, то праблема набірае аграмаднага маштабу.

«Абкрадаючы нашу планету ў імя сваёй прыватнай прыемнасці, мы не пакідаем шанцаў наступным пакаленням, каб яны маглі ацаніць яе прыгажосць», — падсумоўвае нашу размову вандроўніца Ганна Алей-Кабус.

www.radyjo.net