Чым хасіды насалілі Лукашэнку?
Беларускія ўлады на чале з Аляксандрам Лукашэнкам наўмысна стварылі такія ўмовы, пры якіх паломнікі-хасіды апынуліся ля ўкраінскай мяжы, нягледзячы на забарону на ўезд замежнікаў з боку афіцыйнага Кіева. Пра гэта ў прамым эфіры Радыё Свабода заявіў намеснік міністра замежных спраў Украіны Яўген Енін.

"Нам даволі крыўдна, што беларускія ўлады павялі сябе менавіта такім чынам, выдатна ведаючы, што ўезд адпаведнай катэгорыі грамадзян на тэрыторыю Украіны ў гэты перыяд будзе немагчымым. Яны спецыяльна, наўмысна, афармлялі названых грамадзян на ўезд у аэрапорце Мінска, насуперак сваім жа нарматыўным правілам. Адпаведна, рэжым Лукашэнкі наўмысна сваімі дзеяннямі садзейнічаў уезду на тэрыторыю Беларусі вялікай колькасці паломнікаў і іх транзіту да мяжы з Украінай. Гэтым рэжым Лукашэнкі наўмысна падвяргаў названых людзей небяспецы", — заявіў Енін.
Енін таксама адзначыў, што з 10 верасня Ізраіль уваходзіць у так званую "чырвоную зону" ў самой Беларусі і, у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, нават транзітны ўезд з дзяржаў, якія ўваходзяць у "чырвоную зону", забаронены.
"Нам цяжка усё гэта растлумачыць. Я чуў розныя трактоўкі такога падыходу. Атрымліваецца так, што ты хацеў камусьці насаліць, сеў у лужыну сам, а пакутуюць зусім староннія людзі. Чым хасіды насалілі Лукашэнку, мне цяжка сказаць, і дакладна не мне ацэньваць", — сказаў Яўген Енін.