Дзясяткі тысяч людзей працягваюць пратэставаць у Ганконгу

У Ганконгу зноў адбылася акцыя супраць закону аб экстрадыцыі ў Кітай, піша Радыё Свабода.

Пратэсты ў Ганконгу 7 ліпеня 2019 года

Пратэсты ў Ганконгу 7 ліпеня 2019 года

Дзясяткі тысяч пратэстоўцаў 7 ліпеня прайшлі маршам па турыстычных кварталах ў цэнтры гораду. Удзельнікі маршу дайшлі да чыгуначнай станцыі, якая звязвае Ганконг з мацерыковым Кітаем. Пасля гэтага паліцыя заблакавала ўваход на вакзал. Аб затрыманнях не паведамляецца.
Пратэсты ў горадзе працягваюцца ўжо месяц у сувязі з намерам уладаў рэгіёну дазволіць экстрадыцыю асобаў, якія падазраюцца ў парушэнні закону, у мацерыковы Кітай. Крытыкі законапраекту лічаць, што ён можа быць выкарыстаны для перадачы ў рукі кітайскіх уладаў дысідэнтаў і несправядліва пераследаваных людзей.
1 ліпеня пратэстоўцы занялі будынак парламенту. Кіраўніца ураду Кэры Лам пасля гэтага заявіла, што ўлады больш не будуць разглядаць закон аб экстрадыцыі ў Кітай. Але пратэстоўцы засталіся незадаволеныя гэтым абяцаннем. Яны патрабуюць афіцыйна адхіліць законапраект, а таксама патрабуюць адстаўкі самой Кэры Лам.